01.05.2018 - 01.06.2018

У Нацыянальным банку 31 мая 2018 года адбыўся фінал конкурсу на лепшую курсавую работу па эканамічнай тэматыцы сярод студэнтаў ВНУ.

     

ВЫНІКІ

Дзевяць студэнтаў, якія паспяхова прайшлі першы тур, прадстаўлялі і абаранялі свае конкурсныя работы на пасяджэнні экспертнай рады.

Пераможцам стала студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта Дыяна Мілаш, якая прадставіла курсавую работу "Сістэмы разлікаў з выкарыстаннем электронных грошай у Рэспубліцы Беларусь: ацэнка стану і напрамкі развіцця". Пераможца атрымала грашовы прыз 700 беларускіх рублёў.

Другое месца і грашовы прыз 600 рублёў дасталіся студэнту Беларускага дзяржаўнага універсітэта Анатолю Макарэвічу за працу "Распрацоўка і прымяненне мадэляў MS-VARX для аналізу доўгатэрміновых цыклаў".

Трэцяе прызавое месца было прысуджана студэнтцы Палескага дзяржаўнага універсітэта Кацярыне Грудніцкай, якая прадставіла работу "Узровень развіцця сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання ў Рэспубліцы Беларусь". Дзяўчына атрымала прыз - 500 беларускіх рублёў.

Конкурс на лепшую курсавую работу па эканамічнай тэматыцы сярод студэнтаў трох ВНУ - Беларускага дзяржаўнага універсітэта (БДУ), Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (БДЭУ) і Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта (ПалесДУ) праводзіцца з 2014 года. Арганізатарамі конкурсу выступаюць Нацыянальны банк, Міністэрства адукацыі, БДУ, БДЭУ і ПалесДУ.

Асноўнымі задачамі конкурсу з'яўляюцца папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў і эканомікі, стымуляванне навукова-даследчай актыўнасці моладзі ў галіне эканомікі і фінансаў, павышэнне ўзроўню фінансавай граматнасці моладзі.

Па традыцыі артыкулы, падрыхтаваныя на аснове лепшых работ фіналістаў, будуць апублікаваны ў часопісе Нацыянальнага банка "Банкаўскi веснiк".