Банкаўскі ўклад - гэта не толькі спосаб захаваць грошы, але і крыніца даходу. У пэўных выпадках з такога даходу трэба плаціць падаткі.

Плаціць падаткі з даходаў па ўкладах - гэта распаўсюджаная сусветная практыка. Яна ўжываецца як у нашых суседніх дзяржавах - Украіне, Расіі, так і ў іншых еўрапейскіх краінах, напрыклад, у Польшчы, Германіі, Балгарыі. У нашай краіне з 2016 года зменены ўмовы льготнага падаткаабкладання даходаў, атрыманых фізічнымі асобамі ў выглядзе працэнтаў па ўкладах.

Калі размясціць ўклад у беларускіх рублях на тэрмін больш за 1 год, а ўклад у замежнай валюце на тэрмін больш за 2 гады, то падаходным падаткам сума працэнтаў не абкладаецца. Такім чынам, насельніцтва заахвочваецца да размяшчэння сваіх свабодных грашовых сродкаў на больш працяглыя тэрміны, у гэтым выпадку ў банкаў з'яўляецца вялікая ступень пэўнасці і існуюць больш спрыяльныя магчымасці для далейшага інвеставання сродкаў.

Пры гэтым не варта забываць пра станоўчы момант для ўкладчыка: "доўгія" дэпазіты маюць больш выгадную працэнтную стаўку ў параўнанні з "кароткімі" ўкладамі.