Мацярынскі капітал - асобая форма дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных сем'яў у Беларусі, у рамках якой кожная сям'я, якая заводзіць трэцяе (ці больш) дзiця, атрымлівае важкую разавую грашовую выплату. Пры гэтым не мае значэння, было дзіця народжана альбо яго ўсынавілі.

Мацярынскі, ці, як яго яшчэ называюць, сямейны капітал быў уведзены ў Беларусі з 2015 года Указам № 572 ад 9 снежня 2014 г. "Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей". Меркавалася, што праграма будзе дзейнічаць да 31 снежня 2019 года, аднак пазней, у верасні 2019, яе падоўжылі да 31 снежня 2024 году Указам №345 "Аб сямейным капітале".

Памер сямейнага капіталу

Мацярынскі капітал налічваецца ў беларускіх рублях, а яго сума штогод індэксуецца з улікам інфляцыі. З 1 студзеня 2021 года памер сямейнага капіталу складае 23 737,5 руб.

Хто можа атрымаць сямейны капітал

Каб атрымаць дзяржпадтрымку, адзін з бацькоў павінен быць грамадзянінам Беларусі і пастаянна пражываць на тэрыторыі нашай краіны. Ён павінен быць бацькам альбо ўсынавіцелем як мінімум трох дзяцей, якія на момант атрымання капіталу будуць маладзейшыя за 18 гадоў. Калі бацькі ў разводзе, дзіця будзе ўлічвацца толькі ў адной сям'і - той, дзе фактычна пражывае і выхоўваецца. У сям'і другога з бацькоў дзіця не будзе улічаны паўторна.

Калі бацькі не нясуць адказнасці за сваіх дзяцей - напрыклад, у выпадку пазбаўлення бацькоўскіх правоў - на сямейны капітал прэтэндаваць не атрымаецца.

Што трэба зрабіць, каб атрымаць сямейны капітал

Калі ў сям'і з'яўляецца трэцяе дзіця, адзін з бацькоў на працягу 6 месяцаў з моманту нараджэння / ўсынаўлення павінен звярнуцца ў выканкам па месцы жыхарства з пэўным наборам дакументаў. Гэты набор адрозніваецца для поўнай і няпоўнай сям'і.

Калі сям'я поўная, пры сабе трэба мець:

• Пашпарты абодвух бацькоў,

• Пасведчанні аб нараджэнні ўсіх дзяцей маладзейшых за 18 гадоў,

• Калі дзіця ўсыноўленае - выпіска з суда з рашэннем аб усынаўленнi,

• Пасведчанне аб шлюбе.

Для няпоўнай сям'і спіс дакументаў наступны:

• Пашпарт заяўніка,

• Пасведчанні аб нараджэнні ўсіх дзяцей маладзейшых за 18 гадоў,

• Калі дзіця усыноўленае - выпіска з суда з рашэннем аб усынаўленнi,

• Пасведчанне аб смерці жонкі ці мужа, выпіска з суда з рашэннем аб разводзе альбо пасведчанне аб скасаванні шлюбу, любыя іншыя дакументы, якія пацвярджаюць, што дзеці выхоўваюцца толькі адным з бацькоў.

Выканкам будзе разглядаць дакументы на працягу месяца і адправіць паведамленне аб прынятым рашэнні заяўніку па пошце. Затым трэба яшчэ раз схадзіць у выканкам і забраць дакумент, які пацвярджае прыняцце станоўчага рашэння аб сямейным капітале.

Пасля гэтага на працягу яшчэ 6 месяцаў трэба звярнуцца ў Беларусбанк з пашпартам і рашэннем выканкама. У дзень звароту адкрыюць дэпазітны рахунак «Сямейны капітал», на які залічаць грошы.

Як патраціць сямейны капітал

Сродкі, якія сям'я атрымлівае ў якасці сямейнага капіталу, маюць строга мэтавае прызначэнне. Іх можна патраціць пасля паўналецця дзіцяці на:

• Паляпшэнне жыллёвых умоў любога з членаў сям'і,

• Адукацыю любога з членаў сям'і,

• Лячэнне любога з членаў сям'і,

• Аплату сацыяльнага абслугоўвання любога з членаў сям'і,

• Фарміраванне назапашвальнай пенсіі маці ў поўнай сям'і альбо аднаго з бацькоў - у няпоўнай.

Выкарыстоўваць грошы датэрмінова можна, але тут пералік выпадкаў больш вузкі:

• Паляпшэнне жыллёвых умоў - напрыклад, купля або будаўніцтва жылля, абслугоўванне і пагашэнне жыллёвага крэдыту,

• Плата за сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю любога члена сям'і ў дзяржаўнай установе адукацыі,

• Лячэнне любога члена сям'і.

Каб скарыстацца сямейным капіталам, трэба звярнуцца ў выканкам і атрымаць дакумент, які пацвярджае права на выкарыстанне сродкаў.

Звярніце ўвагу, што сродкі сямейнага капіталу нельга захоўваць на дэпазіце вечна. Калі своечасова імі не скарыстацца, яны вярнуцца ў бюджэт. На падачу ў выканкам заявы аб выкарыстанні сямейнага капіталу адводзіцца 3 гады з моманту паўналецця дзіцяці, пры нараджэнні / усынаўленні якога капітал быў прадстаўлены. А на выкарыстанне сродкаў - 5 гадоў з моманту паўналецця дзіцяці.

Сямейны капітал - важкая матэрыяльная падтрымка, скарыстацца якой можа кожная шматдзетная сям'я. Галоўнае - выканаць усе правілы, устаноўленыя заканадаўствам.