Пытанне: “Назапашваць сродкі ці скарыстацца крэдытам”, — перыядычна ўзнікае ў большасці людзей. Як жа прыняць правільнае рашэнне?

Абодва варыянты маюць свае плюсы і мінусы, а выбар залежыць ад канкрэтнай сітуацыі.

Разгледзім самыя распаўсюджаныя з іх і паразважаем, як лепш дзейнічаць.

 Сітуацыя 1: Непрадбачаныя траты

Раптоўныя праблемы са здароўем, дарожна-транспартнае здарэнне, паломка кампутара і іншыя форс-мажоры часта суправаджаюцца непрадбачанымі тратамі. Менавіта таму важна мець фінансавую "падушку бяспекі". Калі назапашванняў на "чорны" дзень у вас няма, а непрыемнасць здарылася і дзейнічаць трэба хутка, то крэдыт можа стаць адзіным правільным рашэннем.

 Ён дасць магчымасць аператыўна пакрыць неабходныя расходы, забяспечваючы фінансавую падтрымку ў тыя моманты, калі ўласных рэсурсаў не хапае. Можна сказаць, што ў непрадбачаных сітуацыях крэдыт падтрымлівае не толькі фінансава, але і псіхалагічна: сам факт наяўнасці грошай для вырашэння праблемы знізіць узровень стрэсу.

Тым не менш, трэба аб'ектыўна ацэньваць неадкладнасць выдаткаў. Напрыклад, калі ў вас 2 аўтамабілі, то, хутчэй за ўсё, не абавязкова тэрмінова браць крэдыт на рамонт аднаго з іх у выпадку ДТЗ. Можна некалькі месяцаў пачакаць і назапасіць патрэбную суму. Калі вы сур'ёзна захварэлі і патрабуецца лячэнне, тады часу для назапашванняў можа не быць.

Сітуацыя 2: Купля аўто або нерухомасці

Такія буйныя пакупкі, як нерухомасць або аўтамабіль, прадугледжваюць значныя фінансавыя ўкладанні. Каб назапасіць усю суму, камусьці можа спатрэбіцца некалькі гадоў, а некаторым і дзесяцігоддзі. Усё залежыць ад таго, якую суму штомесяц вы можаце адкладаць.

Калі кошт метра ў сталічнай новабудоўлі знаходзіцца ў дыяпазоне 3 000 – 3 500 руб, то на кватэру ў 40 кв. метраў трэба назапасіць каля 120 000 руб. Дапусцім, што палова сумы ў вас ёсць, ваш даход складае 3000 руб. у месяц, 1000 руб. з якіх вы плаціце за арэндаванае жыллё, а яшчэ 1000 руб. адкладаеце на ўласную кватэру. Пры такім наборы параметраў пераплату па крэдыце вы часткова ці цалкам зможаце кампенсаваць за кошт эканоміі на арэндных плацяжах.

Аналагічная сітуацыя і з пакупкай аўто. Калі вам даводзіцца штодня карыстацца каршэрынгам або таксі, ці ўвесь час ездзіць у камандзіроўкі па краіне, то палічыце, якую суму вы вытрачаеце штомесяц, пакуль збіраеце на ўласнаы транспарт. Магчыма, ёсць сэнс купіць машыну ў крэдыт або ў лізінг зараз — пераплата будзе апраўдана. Асабліва, калі ў вас на руках ужо ёсць 20-30% кошту аўто.

Нярэдка людзі крэдытуюцца для таго, каб замяніць стары аўтамабіль на новы. Гэта таксама апраўдана, бо чым аўто старэй, тым больш яго ўладальнік вытрачае на рамонт. Крэдыт ці лізінг дазволіць вам хутка перасесці за руль больш сучаснай машыны. Да таго ж, новыя мадэлі больш эканамічныя, а зэканомленыя на паліве сродкі можна накіроўваць на пагашэнне крэдыту.

Сітуацыя 3: Інвестыцыі ў адукацыю

Адукацыя - гэта інвестыцыя ў будучыню, якая вызначае не толькі прафесійнае развіццё, але і асобасны рост. Крэдыт на адукацыю — разумнае рашэнне, асабліва калі гэты крок адкрывае доступ да якаснага навучання і перспектыўнай кар'еры.

Калі вы плануеце, напрыклад, адукацыю дзяцей школьнага ўзросту, то да моманту іх паступлення ёсць магчымасць назбіраць на платнае навучанне. Калі ж у вас узнікла неабходнасць у перанавучанні або павышэнні кваліфікацыі, якая адкрые новыя кар'ерныя перспектывы, то крэдытаванне часта апраўдана. Напрыклад, на рынку працы з'явіўся попыт на кваліфікаваных спецыялістаў у галіне data science і сфармаваўся дэфіцыт кадраў, то чым раней вы пройдзеце навучанне па гэтым профілі, тым хутчэй станеце зарабляць больш, тады можна ўзяць крэдыт. У прыватных адукацыйных цэнтрах таксама можна дамовіцца на адтэрміноўку выплат да заканчэння навучання або растэрміноўку.

Выбар паміж крэдытам і ўласнымі сродкамі для адукацыі павінен грунтавацца на дасканалым аналізе фінансавай сітуацыі, уліку працэнтных ставак, умоў крэдыту і перспектыў выкарыстання атрыманай адукацыі ў будучыні. Напрыклад, калі вышэйшая адукацыя патрэбна проста для галачкі, а яе адсутнасць не перашкаджае вам зарабляць грошы, тады можна павольна сабраць патрэбную суму і не пераплачваць за крэдыт.

Калі гаворка ідзе пра атрыманне першай вышэйшай адукацыі ў Беларусі на платнай аснове, то не забудзьцеся даведацца пра варыянты спецыялізаваных крэдытаў з ніжэйшымі працэнтамі.

На што не варта браць крэдыт?

Нярэдкія выпадкі, калі людзі бяруць крэдыт на вяселле, але гэта не з'яўляецца рацыянальным крокам. Замест гэтага, рэкамендуецца выбраць невялікую цырымонію, каб пазбегнуць фінансавага ціску ў самым пачатку сямейнага жыцця. Таму што самае галоўнае ў шлюбе — гэта каханне і шчасце, а не раскошнае вяселле і надмерныя траты.

Ідэя ўзяць крэдыт на падарожжа таксама рацыянальнай не назавеш. Калі ў вас няма зберажэнняў на адпачынак, але ён вам неабходзен, беручы крэдыт, зрабіце ўсё, каб бюджэт паездкі быў аптымальным. Пасля таго, як уражанні будуць атрыманы, давядзецца выплачваць крэдыт і, магчыма, гэта стоміць і дэматывуе вас яшчэ хутчэй. Падарожнічаць лепш у межах сваіх фінансавых магчымасцяў і назапашваць грошы на паездку загадзя.

Таксама не варта браць крэдыт на набыццё новых гаджэтаў. Часта флагманскія мадэлі выпускаюцца хутчэй, чым заканчваецца тэрмін пагашэння крэдыту. Калі смартфон або планшэт вы набываеце для статусу або ў пагоні за модай, лепш рабіць гэта за кошт зберажэнняў (а яшчэ лепш, шматразова ўзважыць такое рашэнне). Гэтак жа варта праверыць магчымасць набыцця гаджэтаў у растэрміноўку без працэнтаў. Яе часта прапануюць сваім абанентам сотавыя аператары.

Пытанне назапашвання або крэдыту не мае адзінага правільнага адказу. Абодва варыянты маюць свае перавагі і падыходзяць для розных сітуацый. Важна улічваць свае фінансавыя магчымасці, мэты і рызыкі пры прыняцці рашэння. Усвядомленае планаванне і абдуманы выбар дазволяць вам дасягнуць фінансавага здароўя і стабільнасці.