Банкі звычайна усталёўваюць розныя абменныя курсы для абмену наяўных і безнаяўных грашовых сродкаў. Таму пры разліку выгаднасці спосабу ажыццяўлення плацяжу трэба прымаць у разлік і курсы, і камісіі банка

Усе мы ведаем аб тым, як важна ўважліва чытаць дагаворы, удакладняць памеры камісіі і іншае.

Аднак большасць людзей робяць усё аўтаматычна і могуць не заўважыць нюансы, якія могуць прывесці да фінансавых страт.

Разгледзім прыклад падобнай сітуацыі…

Так, гераіня нашай гісторыі (назавём яе Марыя Іванаўна) звярнулася ў касу банка, каб аплаціць па дагавору ўстаноўку кандыцыянераў. Аплату трэба было правесці на рахунак арганізацыі ў беларускіх рублях, а Марыя Іванаўна мела пры сабе наяўныя даляры ЗША.

Здавалася б – аніякіх падводных камянёў: аддаў касіру даляры ЗША і папрасіў правесці канверсію і пералічыць сродкі ў беларускіх рублях на патрэбны рахунак.

Усё дакладна, але ёсць нюанс. І мы рэкамендуем у падобных сітуацыях лічыць, пытаць, выбіраць і зноў лічыць. Так, неабходны Марыі Іванаўне вынік можа быць дасягнуты шляхам ажыццяўлення банкам аперацый рознымі спосабамі:

1 спосаб – абмен наяўных даляраў ЗША на наяўныя беларускія рублі з наступным пералікам грашовых сродкаў па дагавору. У гэтай сітуацыі магчыма спагнанне камісіі за пералічэнне.

2 спосаб – пакупка даляраў ЗША за безнаяўныя беларускія рублі і пералічэнне грашовых сродкаў без спагнання камісіі (калі ў Марыі Іванаўны ёсць банкаўская плацёжная картка).

Банкі звычайна усталёўваюць розныя абменныя курсы для абмену наяўных і безнаяўных грашовых сродкаў. Таму пры разліку выгаднасці спосабу ажыццяўлення плацяжу трэба прымаць у разлік і курсы, і камісіі банка – у залежнасці ад банка і ад сумы пераводу больш выгадным можа быць як першы варыянт, так і другі.

У адпаведнасці з заканадаўствам, Марыя Іванаўна мае права на свабодны выбар спосабу, а банк, са свайго боку, абавязаны садзейнічаць ёй ў свабодным выбары. Звычайна пры правядзенні валютна-абменных аперацый перадача Марыяй Іванаўнай касіру наяўных грошай разглядаецца як яе згода з умовамі банка аб ажыццяўленні валютна-абменных аперацый, адлюстраваных на стэндзе, спецыяльным электронным табло.

У апісанай сітуацыі, каб выбраць найбольш выгадны для свайго кашалька варыянт, Марыі Іванаўне варта падрабязна распытаць супрацоўніка банка аб спосабах ажыццяўлення патрэбнай ёй аперацыі, аб абменных курсах і памерах камісіі ў кожным з выпадкаў, добра ўсё пралічыць, і толькі пасля гэтага прыняць адзінае правільнае рацыянальнае рашэнне.