Сучасныя сродкі сувязі нясуць як магчымасці, так і пагрозы. Ведайце, што вашыя суразмоўцы могуць быць не тымі, за каго сябе выдаюць.

Адсутнасцю магчымасці бачыць ці чуць іншых карыстальнікаў лёгка скарыстацца. Зламыснікі ўвесь час прыдумляюць новыя спосабы выманіць у людзей грошы ці канфідэнцыйныя даныя для доступу да іх рахункаў. Арсенал ашуканцаў вельмі шырокі і нагоды бываюць абсалютна розныя. Але якая б ні была легенда, ёсць чатыры прыкметы, па якіх лёгка вылічыць аферыстаў.

1. З вамі гавораць пра грошы

Насцярожцеся, калі з вамі гавораць пра грошы. Ашуканцы могуць прадстаўляцца супрацоўнікамі банка, работнікамі дзяржустаноў, ці, напрыклад, пакупнікамі, якія тэлефануюць па аб'яве аб продажы, размешчанай на віртуальных гандлёвых пляцоўках або ў сацыяльных сетках. Вызначыць адразу, ці той чалавек ваш суразмоўца, за каго сябе выдае, немагчыма. Таму варта быць вельмі пільным і нікому не верыць на слова, калі гаворка ідзе пра грошы.

2. Вас просяць паведаміць даныя

Мэта ашуканцаў - выведаць у будучай ахвяры неабходныя ім звесткі, каб выкрасць грошы. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя схемы: паведамленне аб нібы аформленым крэдыце, адмена "памылкова" выкананага пераводу на картку, удакладненне сумы нечакана спісаных сродкаў, гісторыя аб злачынцах, якія спрабуюць незаконна выкарыстоўваць картку, пагроза "блакіроўкі" і інш. І, па легендзе ашуканцаў, пазбегнуць усіх гэтых непрыемнасцяў можна толькі паведаміўшы "супрацоўніку банка" вашыя персанальныя даныя - рэквізіты плацежных картак, коды аўтарызацыі, паролі. Сапраўдны супрацоўнік банка пры званку кліенту загадзя павінен ведаць усе неабходныя яму звесткі. Таму паведамляць камусьці інфармацыю аб сваёй банкаўскай плацежнай картцы, паролі і коды доступу, пашпартныя даныя ні ў якім разе нельга.

3. Вас уводзяць у стан эмацыйнага шоку

Часцяком ашуканцы давяць на эмоцыі людзей, запэўніваючы, што здарыцца нешта непапраўнае, і запалохваюць. Таксама махляр можа прапанаваць "выгадную" куплю з вялізнай зніжкай або паведаміць вам аб выйгрышы ў якой-небудзь "крутой" акцыі. Ашуканцы імкнуцца вывесці вас са стану раўнавагі і прытупіць пільнасць. У любым выпадку нельга губляць галаву, неабходна пераправерыць інфармацыю, патэлефанаваўшы ў кантакт-цэнтр арганізацыі, супрацоўнікам якой назваўся суразмоўца.

4. Вам гавораць, что трэба спяшацца з прыняццем рашэння

Звычайна ашуканцы ставяць сваіх ахвяр у сітуацыю, калі няма часу на роздум. Вас змушаюць прыняць рашэнне тут і зараз ці, нібыта, будзе позна. Такая сітуацыя вельмі падазроная. Так што, калі вас прыспешваюць і мусяць пагадзіцца на прапанову, вазьміце паузу, абдумайце ўсё добра.

Такім чынам, калі Вам тэлефануюць з незнаёмага нумара:

1. Не паведамляйце НІЯКІХ персанальных даных!

2. Не спяшайцеся прыняць рашэнне!

3. Патэлефануйце ва ўстанову, супрацоўнікам якой прадстаўляецца суразмоўца.