#грошы
#асабісты бюджэт

Прапануем вашай увазе пяць лайфхакаў па кіраванні асабістымі фінансамі, каб з грашыма ў вас заўсёды быў парадак.

Плануйце даходы і расходы!

Уяўляеце, калі б прадпрыемства не вяло ўлік даходаў і расходаў і не планавала б вынікі сваёй дзейнасці ?! Яно не змагло б стабільна развівацца і, хутчэй за ўсё, наогул вельмі хутка перастала б існаваць.

Тое ж самае і з асабістымі фінансамі. Улік даходаў і расходаў паказвае, які прыбытак чалавек атрымаў, на што выдаткаваў грошы, і дазваляе зразумець, якія расходы можна скараціць і што больш за ўсё спусташае вашы кішэні.

 Толькі на падставе ўліку мы можам зрабіць аналіз, планаваць і ствараць свой уласны рэзерв. Так так! Гэта вельмі важна – каб у выніку кіравання сваімі персанальнымі фінансамі ў чалавека нешта заставалася, і гэта "нешта" пажадана захаваць і прымножыць для дасягнення будучых фінансавых мэтаў.

Зберагайце!

Адкладаць грошы проста неабходна! У жыцці бываюць усякія непрадбачаныя сітуацыі: ніхто не застрахаваны, напрыклад, ад паломкі халадзільніка і неабходнасці тэрміновай куплі новага (наўзамен старога, які сапсаваўся), а таксама ад хвароб і непрацаздольнасці, скарачэння на працы і іншых надзвычайных абставінаў.

Каб спакойна перажыць складаны час, кожны чалавек павінен мець падушку бяспекі. Ідэальным варыянтам з'яўляецца наяўнасць у вас такой сумы, якая дазволіць вашай сям'і без атрымання дадатковых даходаў пражыць паўгода, аплачваючы пры гэтым камунальныя паслугі і мабільную сувязь і набываючы прадукты харчавання.

Пазычвайце разумна!

Для фінансавання сваіх мэтаў вы, магчыма, захочаце разгледзець варыянт пазыкі грашовых сродкаў.

У цэлым крэдыт – гэта зручны фінансавы інструмент, які можа дапамагчы ў куплі, напрыклад, кватэры або хутка знайсці грошы на экстраннае лячэнне. АЛЕ трэба ведаць, што атрыманне крэдыту – гэта вельмі сур'ёзнае рашэнне, якое патрабуе ад чалавека адказнасці і дысцыпліны. Перад тым, як скарыстацца пазыковымі сродкамі, задай сабе некалькі важных пытанняў – ці сапраўды мне так патрэбна гэтая рэч у крэдыт, у колькі мне абыдзецца гэты крэдыт / пазыка, ці магу я сабе гэта дазволіць.

Параўноўвайце і аналізуйце!

Мноства фінансавых устаноў прапануе вялікую разнастайнасць фінансавых прадуктаў і паслуг. Як зрабіць правільны выбар?

Пры выбары фінансавай паслугі неабходна ацаніць стабільнасць самой кампаніі, з якой вы збіраецеся мець справу, параўнаць прапановы розных фінансавых устаноў, вывучыць умовы некалькіх аналагічных фінансавых інструментаў, выбраць найбольш аптымальны, адпаведны ўласным патрэбам варыянт.

Вам патрэбна даследаваць сайты пастаўшчыкоў паслуг! Чытайце спецыяльную літаратуру! Слухайце фінансавыя навіны! Выкарыстоўвайце інфармацыю з надзейных крыніц!

Ацэньвайце фінансавыя рызыкі!

Трэба сказаць, што ўсё чалавечае жыццё звязана з рызыкамі, і любы чалавек так ці інакш штодня чымсьці рызыкуе. Гэта рэальнасць, якая патрабуе адэкватнага ўспрымання, разумення і асцярожнасці. А пры прыняцці фінансавага рашэння варта заўсёды памятаць пра сваю адказнасць за прынятае рашэнне. У адносінах да ўсіх фінансавых інструментаў дзейнічае правіла: чым вышэй прыбытковасць, тым вышэй рызыка.