Нашы паўсядзённыя рашэнні аб пакупках часта прымаюцца пад уздзеяннем маркетынгавых хітрасцяў. Рэклама пераконвае нас набываць рэчы, якія нам насамрэч не патрэбныя.

Каб выпрацаваць "імунітэт" да маніпуляцый маркетолагаў, важна навучыцца іх распазнаваць. Пра гэта пагаворым у нашым артыкуле.

Усвядоміць і распазнаць. Якія хітрасці выкарыстоўваюць маркетолагі?

Маркетолагі часта звяртаюцца да хітрасцяў і выкарыстоўваюць тэхнікі маніпуляцый, каб мы куплялі больш ці бралі непатрэбныя нам тавары. Вылучым некалькі кірункаў працы маркетынгу і продажаў, накіраваных на тое, каб завалодаць розумам і грашыма пакупнікоў.

1. Стварэнне штучнай неабходнасці

У дадзеным выпадку задача маркетолага палягае ў тым, каб стварыць ілюзію таго, што пэўны прадукт ці паслуга з'яўляюцца часткай нашага жыцця, абавязковым элементам для дасягнення шчасця. Напрыклад, у рэкламе новай мадэлі смартфона акцэнт можа быць на тым, што без гэтай прылады вы прапусціце ўсе важныя моманты і адстанеце ад рытму, у якім жывуць вашыя блізкія і сябры.

2. Стварэнне неўсвядомленых патрэб

Маркетолагі даследуюць нашы псіхалагічныя і эмацыйныя запатрабаванні, каб вызначыць, якім чынам прадукт ці паслуга могуць гэтыя запатрабаванні задаволіць. Яны імкнуцца стварыць трывалую сувязь паміж таварам і нашымі ўнутранымі жаданнямі. Прыкладам можа служыць рэклама касметычнага прадукта, якая падкрэслівае, як важна мець бездакорную скуру, каб пачувацца прывабнай і паспяховай.

3.  Фарміраванне звычак і залежнасцяў

Маркетолагі імкнуцца схіліць нас да пакупак праз стварэнне звычак і залежнасцяў ад пэўных прадуктаў. Напрыклад, выкарыстанне праграм лаяльнасці. Паўторныя пакупкі са зніжкай прыводзяць да таго, што мы становімся рэгулярнымі спажыўцамі і, магчыма, не заўважаем, што на самой справе не маем патрэбы ў гэтым тавары, што зніжка не такая і выгадная. Напрыклад, рэклама кавы можа паспрыяць стварэнню ранішняга кававага рытуалу, каб мы кожны дзень вярталіся па сваю порцыю напою.

Як засцерагчыся ад пакупкі непатрэбных рэчаў?

Маркетынгавыя хітрыкі небяспечныя тым, што здзяйсняючы імпульсіўныя пакупкі, можна забыцца пра рэальныя патрэбы і доўгатэрміновыя мэты. Напрыклад, грошы, якія вы збіралі на летні адпачынак, можна растраціць у пагоні за статусам ці абноўкай.

Вось некалькі правіл, якія дапамогуць вам не трапіць у маркетынгавыя “пасткі”.

Правіла 1. Сцеражыцеся імпульсіўных пакупак.

Імпульсіўныя пакупкі адыгрываюць вялікую ролю ў нашай спажывецкай культуры як у афлайн-крамах, так і на анлайн-платформах. Па дадзеных расійскіх даследчыкаў, 84% пакупнікоў здзяйсняюць незапланаваныя пакупкі.

Цікава, што моладзь ва ўзросце 18-29 гадоў больш схільная да імпульсіўных пакупак, у адрозненне ад старэйшага пакалення. Людзі старэйшыя за 65 гадоў сцвярджаюць, што зусім не робяць такіх пакупак, а пакупнікі ад 30 да 50 гадоў часцей купляюць не для сябе, а для сваіх дзяцей.

У афлайн крамах для размяшчэння тавараў імпульснага попыту (якія не ўваходзяць у спажывецкі кошык і даступныя шырокаму колу пакупнікоў) часцей за ўсё выкарыстоўваюць прыкасавыя зоны. У інтэрнэт-крамах імпульсіўныя пакупкі стымулююцца кантэкстнай рэкламай, рэкамендацыямі і эмацыйнымі водгукамі іншых пакупнікоў, абмежаванымі акцыямі, зручнасцю пакупкі.

Правіла 2. Аналізуйце свае патрэбы

Часта нашы пакупкі матываваныя жаданнем адпавядаць трэндам або здзяйсняюцца пад уплывам грамадскай думкі. Аднак перш чым рабіць пакупку, задайце сабе пытанне: "Ці сапраўды гэта мне неабходна"? Ацэніце, ці адпавядае тавар вашым патрэбам, ці падкрэслівае вашу індывідуальнасць. Такое разважанне дапаможа пазбегнуць непатрэбных пакупак.

Правіла 3. Падвышайце фінансавую граматнасць

Усвядомленае кіраванне фінансамі дазваляе пазбегнуць неабдуманых трат. Хітрасці маркетолагаў працуюць не так эфектыўна, калі вы правільна ацэньваеце свае фінансавыя магчымасці, займаецеся планаваннем бюджэту, прымаеце больш узважаныя рашэнні аб пакупках.

Правіла 4. Даследуйце тавары перад пакупкай

Чытанне водгукаў, параўнанне цэн і вывучэнне характарыстык тавару дапамогуць прыняць усвядомленае рашэнне і пазбегнуць непатрэбных пакупак.

Пры выбары новай тэхнікі рэкамендуецца ацаніць розныя мадэлі, параўнаць іх функцыянальнасць. Гэта дазволіць вызначыць аптымальны варыянт, які адпавядае вашым патрэбам і бюджэту.

Прывядзем зразумелы многім прыклад. Адзін з лідэраў па вытворчасці смартфонаў праз месяц прэзентуе чарговы флагман. Некалькі вашых калег ужо заявілі аб тым, што плануюць пакупку ў дзень рэлізу. Вам не хочацца "адставаць" ад калектыву, таму вы вырашаеце патраціць на пакупку грошы, адкладзеныя на навучанне на курсах.

Свядомым спажываннем такі падыход не назавеш. Калі вам сапраўды патрэбен новы смартфон, варта аддаць перавагу леташняй мадэлі, якая ўжо ўпала ў кошце, але па функцыянальнасці мала ў чым адрозніваецца ад флагмана.

Маркетынгавыя тэхналогіі становяцца ўсё больш развітымі. Менавіта таму важна быць свядомым пакупніком і пазбягаць «пастак» маркетолагаў. Разабраўшыся ў маркетынгавых прыёмах, мы можам лепш кантраляваць свае фінансы і рабіць выбар, які адпавядае нашым рэальным патрэбам.