Пераможца конкурсу 2019 года ў намінацыі студэнтаў Яўгенія Шчэрба дзеліцца сваімі ўражаннямі і дае парады новым удзельнікам.

Штогод Нацыянальны банк і Міністэрства адукацыі праводзяць конкурс на лепшую работу па эканамічнай тэматыцы сярод студэнтаў і магістрантаў. У мінулым годзе пераможцай конкурсу ў намінацыі работ студэнтаў стала Яўгенія Шчэрба, студэнтка Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая прадставіла навуковую работу "Выкарыстанне індыкатараў вымярэння даверу фізічных асоб да нацыянальнай валюты".

- Яўгенія, скажыце, як Вы даведаліся пра конкурс?

- Пра тое, што Нацыянальны банк праводзіць конкурс студэнцкіх работ нам распавялі выкладчыкі на адной з лекцый у траўні 2019 года. Аднак рашэнне прыняць удзел у конкурсе прыйшло да мяне не адразу. У канцы семестра брацца за новае даследаванне я не адважылася, трэба было падрыхтавацца да экзаменаў. Пасля сесіі мы пайшлі на летнія вакацыі, і вучоба адышла на другі план. Нечакана ў адзін з дзён жніўня мне прыйшоў ліст ад майго куратара з прапановай напісаць артыкул на тэму павышэння даверу да нашай нацыянальнай валюты. І я вырашыла прыняць гэтую прапанову і напісаць навуковы артыкул.

- Як Вы рыхтаваліся да конкурсу?

- Не адкладаючы ў доўгую скрыню, я пачала вывучаць літаратуру па тэме даверу да грошай. Мяне хутка захапіла тэматыка конкурсу, прапанаваная арганізатарамі, бо праблема, як аказалася, мае глыбокія прычыны не толькі эканамічнага, але і псіхалагічнага, сацыяльнага, культурнага характару. За апошні тыдзень жніўня мне ўдалося прапрацаваць дастаткова шмат матэрыялу, што дазволіла закласці аснову для будучага артыкула. Аднак атрымлівалася ўсё не адразу, шмат што было мне незразумела і часам здавалася, што я не паспею закончыць працу. З пачаткам семестра часу на падрыхтоўку стала менш, аднак выкладчыкі шмат у чым ішлі мне насустрач. Мой навуковы кіраўнік - Сінкевіч Аліна Іванаўна - уважліва выслухала мае ідэі, падзялілася сваімі меркаваннямі, дала параду, як лепш паступіць і да каго можна звярнуцца за кансультацей. Дзякуючы дапамозе і падтрымцы выкладчыка мне ўдалося скончыць працу ў тэрмін і прыняць удзел у конкурсе.

- Ці страшна было выступаць перад экспертнай камісіяй?

- Калі я даведалася, што прайшла ў другі тур, была вельмі ўсхвалявана. Бо цяпер мне трэба было не проста абараніць вынікі сваёй працы, але і гонар нашага універсітэта перад прафесіяналамі сваёй справы, людзьмі, якія на практыцы вырашаюць найважнейшыя эканамічныя пытанні. Вядома, у мяне быў страх, што нешта можа не атрымацца, што мае меркаванні апынуцца няправільнымі і дзесьці я дапусціла памылку. Але ў ходзе абароны навуковых прац мой страх паступова сыходзіў, члены экспертнага савета былі настроены вельмі добразычліва, іх пытанні прымушалі задумацца і паглядзець на доследныя праблемы пад рознымі вугламі, акрэсліваючы новыя напрамкі для далейшых даследаванняў.

- Што адчувалі, калі аб'явілі, што пераможца - Вы?

- Пасля ўручэння ўзнагароды я адчула палёгку і радасць ад таго, што ў мяне ўсё атрымалася. Але потым яшчэ доўга не магла паверыць у рэальнасць таго, што адбылося. Перамога ў конкурсе натхніла мяне, і паявілася жаданне працягнуць пачатае даследаванне.

- Як ўспрынялі Вашу перамогу ва ўніверсітэце? Што сказалі бацькі, сябры?

- Першай аб маіх поспехах даведалася мой навуковы кіраўнік. Яна суправаджала мяне на конкурсе, падтрымлівала мой маральны настрой і падзяліла са мной радасць перамогі ў той дзень. На наступны дзень ва ўніверсітэце ўсе ўжо ведалі пра маю перамогу, выкладчыкі на занятках віншавалі з паспяховым выступленнем і задавалі пытанні аб маім даследаванні. Для нас гэта была агульная перамога, у ёй ёсць заслуга ўсіх выкладчыкаў, з якімі мы працавалі падчас вучобы, бо кожны з іх унёс свой уклад у развіццё маіх здольнасцяў. Аднагрупнікі таксама былі шчыра рады майму поспеху, пыталіся пра тое, як усё прайшло і, вядома ж, прасілі распавесці пра мае ўражаньні ад наведваньня Нацыянальнага банка. Для бацькоў мая перамога была прыемнай нечаканасцю. Яны падтрымлівалі мяне падчас падрыхтоўкі да конкурсу, верылі ў тое, што ў мяне ўсё атрымаецца і былі рады маім поспехам, але таксама, як і я, не адразу паверылі ў такі поспех.

- За перамогу ў конкурсе Вы атрымалі грашовы прыз ад Нацбанка. Як Вы распарадзіліся грашыма?

- Частку сродкаў я патраціла на тое, пра што даўно марыла, каб яшчэ раз парадаваць сябе за працу. А астатнюю суму вырашыла накіраваць на зберажэнні.

- Чым Вы займаецеся цяпер? Ці працягваеце навуковыя даследаванні?

- Так, у гэтым мне пашанцавала. Акрамя грашовага прызу, удзел у конкурсе падарыў мне яшчэ і магчымасць на час маёй пераддыпломнай практыкі акунуцца ў атмасферу навуковых даследаванняў пад чулым кіраўніцтвам супрацоўнікаў Упраўлення даследаванняў Нацыянальнага банка. Пазней пасля заканчэння практыкі мне прапанавалі застацца тут працаваць, я з радасцю прыняла гэтую прапанову і цяпер працягваю ўдзельнічаць у навуковых даследаваннях, адкрываючы для сябе ўсё новыя і новыя напрамкі для навуковага пошуку.

- Што можаце пажадаць новым удзельнікам конкурсу? Якое б ім далі слова на дарогу?

- Усім, хто збіраецца прыняць удзел у конкурсе Нацыянальнага банка, мне хацелася б пажадаць не баяцца ставіць перад сабой смелыя мэты і шукаць магчымасці для іх дасягнення. Ніколі не спыняйцеся на дасягнутым і не апускайце рукі, калі нешта ідзе не так, як вы задумалі. Кожнае намаганне на шляху рэалізацыі вашых імкненняў дапаможа вам атрымаць новыя веды і ідэі для будучых задум.