Сёння многія сэрвісы пераходзяць у анлайн, а разам з імі – і плацяжы. Шопінг у інтэрнэце, анлайн-браніраванне білетаў, плацяжы ў мабільных прыкладаннях – неад'емная частка жыцця сучаснага чалавека.
Калі мы плацім картай у звычайным магазіне або здымаем наяўныя грошы, то, як правіла, пацвярджаем аперацыю ПІН-кодам. Гэты сакрэтны код і ёсць гарант бяспекі для нашых грошай. А што рабіць з інтэрнэтам? Бо для аплаты патрабуюцца рэквізіты, надрукаваныя на самой карце – яе нумар, тэрмін дзеяння і код CVV / CVC. Даведацца гэтыя рэквізіты можа любы чалавек, які атрымае магчымасць разгледзець вашу карту.
Не спяшайцеся хвалявацца – вашу бяспеку пры плацяжах у інтэрнэце забяспечвае пратакол 3D Secure або працэдура дадатковай аўтэнтыфікацыі плацельшчыка.
Што такое 3D Secure?
Гучыць складана, але сутнасць простая: 3D Secure – гэта сакрэтны код, які ўводзіцца кліентам пры анлайн-аплаце для пацверджання аперацыі. Можна сказаць, што гэта нешта быццам спецыяльны ПІН-код для анлайн плацяжоў.
Часта гэта аднаразовы код, які банк адпраўляе СМС-паведамленнем на прывязаны да карты нумар тэлефона. Часам можа выкарыстоўвацца сістэма пастаянных пароляў, калі карыстальнік задае пароль адзін раз і пры выкананні кожнага інтэрнэт-плацяжу ўводзіць менавіта яго. Магчымы і іншыя варыянты пацверджання плацяжу, але галоўнае – код 3D Secure можа быць вядомы толькі трымальніку карты. Гэта значна зніжае рызыкі махінацый злачынцаў у інтэрнэце.
Ці можа 3D Secure не спрацаваць?
Складанасці з 3D Secure могуць здарыцца, калі ваш банк-эмітэнт карты ў абавязковым парадку патрабуе праверку аперацыі праз 3D Secure, а банк, які праводзіць плацёж, не падтрымлівае тэхналогію. У гэтым выпадку расплаціцца не атрымаецца, але, можа, яно і да лепшага? Бо ўсе надзейныя кампаніі і банкі сёння ўмеюць працаваць з 3D Secure. Калі вы збіраецеся плаціць у інтэрнэце сапраўды бяспечна – падключэннем паслугі 3D Secure ні ў якім разе нельга грэбаваць.