Значная частка нашага жыцця перамясцілася ў інтэрнэт. І, у рэшце рэшт, гэта спрасціла многія рэчы: выклікаць таксі, правесці канферэнцыю з калегамі, купіць квіткі і зрабіць многія іншыя рэчы. Усё гэта цяпер не патрабуе нават прывязкі да кампутара, дастаткова смартфона ў кішэні. Вядома, нашы банкі таксама не адстаюць, выкарыстоўваюць найноўшыя тэхналогіі ў сваёй працы і актыўна прысутнічаюць on-line.
Сёння беларускія банкі прапануюць сваім кліентам выконваць усё больш аперацый дыстанцыйна, без наведвання офіса. Адкрыць уклад таксама можна не выходзячы з дому праз спецыяльны дадатак – інтэрнэт-банкінг або мабільны банкінг.
Усё што трэба – быць уладальнікам дэбетавай карты банка, аўтарызавацца ў сістэме, знайсці патрэбны раздзел (уклады або дэпазіты), выбраць упадабаны прадукт і адправіць сродкі на ашчадны рахунак. У некаторых банках уся працэдура займае 2-3 хвіліны.
Але часам не трэба быць нават кліентам банка, каб адкрыць там анлайн-дэпазіт. Гэта дазваляе зрабіць Міжбанкавая сістэма ідэнтыфікацыі – МСІ. Калі вы ўжо аднойчы ўступалі ў дагаварныя адносіны з адным з беларускіх банкаў, інфармацыя аб вас ёсць у МСІ і вам дастаткова прайсці працэдуру рэгістрацыі на сайце, а затым зарэгістравацца ў жаданым інтэрнэт-банку. Пасля гэтага можна будзе дыстанцыйна адкрыць рахунак у любым банку, падлучаным да МСІ.
У некаторых банках для гэтага спатрэбіцца выпусціць фізічную або анлайн-карту, а ў некаторых не спатрэбіцца нават яна, а папоўніць дэпазіт можна будзе з карты іншага банка. Зараз у Беларусі налічваецца 9 банкаў, якія дазваляюць цалкам дыстанцыйна адкрыць уклад (без выпуску карты, альбо з анлайн-картай, альбо з дастаўкай фізічнай карты на дом).
Калі вы аформіце да вашага рахунку ў банку карту, то працэнты па дэпазіце альбо ўся сума, калі ён безадзыўны, на гэтую ж карту і прыйдуць. Калі вы адкрыеце дэпазіт без выпуску карты, то грошы можна будзе забраць у аддзяленні банка, прад'явіўшы пашпарт.
Анлайн-дэпазіты такія ж надзейныя, як і ўклады, адкрытыя ў аддзяленні банка. Яны абаронены Агенцтвам па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб. У выпадку форс-мажора вы ўсё роўна атрымаеце назад свае грошы разам з працэнтамі.
Як правіла, дэпазіт адкрываецца ў валюце рахунка, з якога ўносіцца першапачатковы ўзнос, але ёсць банкі, якія даюць магчымасць адкрыць дэпазіт у любой валюце, а пры пераводзе на яго другой валюты проста ажыццяўляюць яе канвертацыю.
Звычайна працэнты па анлайн-укладах вышэй на некалькі пунктаў адносна звычайных укладаў. Можна растлумачыць гэта тым, што такія прадукты зніжаюць нагрузку на супрацоўнікаў банка па абслугоўванню і вядзенні такіх дэпазітаў.