Ці выгадна пагашаць доўг раней за тэрмін, ці ўсе крэдыты можна пагасіць датэрмінова па сваім жаданні, ці можа банк сам патрабаваць датэрміновага пагашэння крэдыту – давайце разбяромся ў гэтых пытаннях.

Якія крэдыты можна пагасіць датэрмінова

 

У любым крэдытным дагаворы павінен быць прапісаны парадак прадастаўлення і пагашэння крэдыту, у тым ліку ўсталёўваюцца ўмовы магчымасці датэрміновага вяртання крэдыту. Такое права дае крэдытаатрымальніку магчымасць вярнуць доўг банку да заканчэння вызначанага тэрміну.

 

Згодна з Банкаўскім кодэксам усе віды спажывецкіх крэдытаў можна пагасіць датэрмінова ў любы час без апавяшчэння банка. Што тычыцца крэдытаў на жыллё, то магчымасць і ўмовы іх датэрміновага пагашэння залежаць ад канкрэтнага крэдытнага дагавора. Калі ў ім не прадугледжана такое права крэдытаатрымальніка, то датэрмінова пагасіць крэдыт можна толькі са згоды банка. Гэта значыць, пры ўзнікненні ў вас магчымасці і жадання пагасіць жыллёвы крэдыт датэрмінова, неабходна звярнуцца ў банк за дазволам.

 

Ці трэба гасіць крэдыт датэрмінова

 

Перад прыняццем рашэння аб датэрміновым пагашэнні крэдыту важна ўлічваць некаторыя нюансы.

 

Калі працэнты за карыстанне крэдытам налічваюцца на астатак доўгу, то датэрміновае пагашэнне сапраўды можа быць выгадным для крэдытаатрымальніка: маючы ў наяўнасці пэўную суму грошай, чалавек мае магчымасць пагасіць крэдыт і вызваліць сябе ад далейшай выплаты банку працэнтаў за карыстанне крэдытам. Але трэба разумець, што калі крэдыт пагашаецца роўнымі долямі, то датэрміновае пагашэнне мае сэнс толькі ў першай палове тэрміну крэдытавання. У канцы тэрміну амаль усе працэнты ўжо выплачаныя, і датэрміновае пагашэнне не прынясе вялікай выгады.

 

Не трэба аддаваць апошнія грошы для датэрміновага пагашэння крэдыту – лепш мець фінансавую падушку бяспекі. Калі, дапусцiм, заўтра вы пазбавіцеся працы, то будзе добра, калі ў вашым фінансавым рэзерве будуць сродкі не толькі на бягучыя расходы, але і для ўнясення плацяжоў па крэдыце, пакуль вы не знойдзеце новую працу.

 

Часам бывае так, што чалавеку псіхалагічна цяжка мець вялікі доўг. Тады ён усе наяўныя свабодныя грошы накіроўвае на датэрміновае пагашэнне крэдыту. Гэта таксама важна: душэўны камфорт нельга вымераць грашыма.

Калі ў вас некалькі крэдытаў і вы вырашылі гасіць іх датэрмінова, перш за ўсё варта выплаціць тыя, па якіх вышэй працэнт. Так пераплата будзе менш.

 

Поўнае і частковае пагашэнне крэдыту

 

Крэдытаатрымальнік можа пагасіць крэдыт часткова, а можа цалкам закрыць доўг. Пры частковым пагашэнні выплачваецца толькі частка сумы крэдыту з выплатай працэнтаў за карыстанне гэтай часткай. Пры частковым датэрміновым пагашэнні пры неабходнасці магчыма паменшыць суму штомесячнага плацяжу і/або скараціць тэрмін крэдыту. Для гэтага неабходна звярнуцца з заявай у банк і ў выпадку прыняцця банкам станоўчага рашэння трэба заключыць дадатковае пагадненне. Пры поўным датэрміновым пагашэнні ўвесь доўг і працэнты да заканчэння тэрміну крэдыту выплачваюцца цалкам. Пасля гэтага ў чалавека больш няма абавязкаў перад банкам.

 

Што трэба ўлічваць пры датэрміновым пагашэннi крэдыту

 

Для датэрміновага пагашэння крэдыту ніякія спецыяльныя дакументы не патрэбны. Унесці плацеж можна праз мабільны дадатак, у асабістым кабінеце інтэрнэт-банкінгу або ў аддзяленні банка.

 

Аднак, каб разлічыць суму, якая патрэбна для поўнага датэрміновага пагашэння крэдыту, лепш звярнуцца ў банк. Канчатковая сума доўгу пералічваецца з улікам працэнтаў, якія крэдытаатрымальнік сам можа не ўлічыць. Чалавек будзе думаць, што пагасіў крэдыт, а на самай справе застанецца нейкая сума, на якую будуць яшчэ налічвацца працэнты і штрафы. Пратэрміноўка можа сапсаваць крэдытную гісторыю, і ў наступстве могуць узнікнуць складанасці з адабрэннем новых крэдытаў. Менавіта таму пасля ўнясення датэрміновай аплаты па любым вiдзе крэдыту рэкамендуецца атрымаць даведку або іншы дакумент, які пацвярджае поўнае пагашэнне запазычанасці. Гэта пацвярджэнне банк прадастаўляе бясплатна, у тым ліку праз сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Калі ў вас будзе пацвярджэнне аб поўным пагашэнні крэдыту, гэта дапаможа вырашыць спрэчныя сітуацыі.

 

Калі датэрміновага пагашэння крэдыту патрабуе сам банк

 

Ці можа фінансавая ўстанова патрабаваць датэрміновага пагашэння крэдыту? Банк мае права патрабаваць датэрміновага вяртання крэдыту, калі крэдытаатрымальнік не выконвае свае абавязкi па дагаворы: затрымлівае плацяжы па крэдыце, не прадастаўляе або страчвае забеспячэнне па крэдытным дагаворы, а таксама выкарыстоўвае крэдыт не па мэтавым прызначэнні і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.  

 

Цяпер вы ведаеце, як больш выгадна гасіць доўг і чаму не заўсёды варта спяшацца. Спадзяемся, гэтая інфармацыя дапаможа вам лепш кіраваць сваёй запазычанасцю, а таксама ведаць свае правы і абавязкі ў гэтай сферы.