Працягваем расказваць пра тое, што азначаюць не для эксперта, а для звычайнага чалавека спецыяльныя эканамічныя і фінансавыя тэрміны, якімі карыстаюцца фінансавыя арганізацыі для асвятлення сваю інфармацыю.

"Імпартазамяшчальная прадукцыя з высокім экспартным патэнцыялам"

 

Імпартазамяшчальная прадукцыя – гэта тавары і паслугі, якія раней прывозіліся з іншых краін (г.зн. імпартаваліся), але цяпер вырабляюцца ўнутры краіны. Гэта робіцца, каб знізіць залежнасць ад замежных вытворцаў і падтрымаць мясцовых.

 

Напрыклад, у нашай краіне пачалі выпускаць нейкую прадукцыю, якая раней імпартавалася. І яна не толькі замяняе імпартную прадукцыю на ўнутраным рынку, але і настолькі добрая, што яе прадаюць у іншыя краіны. Такім чынам, мясцовыя вытворцы не толькі зніжаюць залежнасць ад імпарту, але і зарабляюць на экспарце сваіх тавараў. Экспарт такіх тавараў прыносіць даход краіне, і яны звычайна больш даступныя па цане, чым імпартныя.

 

Таму, калі ў навінах вы пачулі, што "Беларусь працягвае асвойваць выпуск новай імпартазамяшчальнай прадукцыі з высокім экспартным патэнцыялам", значыць, беларускія прадпрыемствы развіваюць вытворчасць новых тавараў і паслуг, якія раней купляліся за мяжой, а цяпер вырабляюцца ўнутры краіны. І гэтая прадукцыя не толькі замяняе імпартную, але можа прадавацца і за мяжой.

 

"Дыверсіфікацыя экспарту"

 

Экспарт – гэта продаж дзяржавай тавараў і паслуг іншым краінам. Напрыклад, калі Беларусь вырабляе трактары і прадае іх у іншыя краіны, гэта называецца экспартам трактароў.

 

Дыверсіфікацыя – значыць, разнастайнасць. Дыверсіфікацыя экспарту – гэта пашырэнне асартыменту розных тавараў і паслуг, якія ідуць на экспарт, а таксама спісу краін, з якімі мы ўзаемадзейнічаем. Напрыклад, наша краіна экспартуе трактары, прадукты харчавання, адзенне і іншую прадукцыю ў вялікую колькасць краін.

 

У дыверсіфікацыі экспарту ёсць некалькі пераваг для краіны. Дапусцім, вы займаецеся выпечкай і прадаяце свае пірагі на мясцовым рынку. Раней вы гатавалі толькі яблычныя пірагі і прадавалі іх у сваім горадзе. Потым вы вырашылі разнастаіць (дыверсіфікаваць) свой асартымент і пачалі рабіць яшчэ вішнёвыя, чарнічныя і гарбузовыя пірагі, а таксама знайшліся пакупнікі ў іншых гарадах, якія зацікавіліся вашай выпечкай. У такой сітуацыі ёсць шэраг станоўчых момантаў:

  • Зніжэнне рызык: калі ў гэтым годзе ўраджай яблык не атрымаўся, можна прадаваць вішнёвыя, чарнічныя і гарбузовыя пірагі, што дапамагае пазбегнуць страт.
  • Павелічэнне даходаў: прадаючы розныя віды пірагоў у розных месцах, вы прыцягваеце больш кліентаў і павялічваеце свае даходы.
  • Гнуткасць  і ўстойлівасць: можна хутка адаптавацца да зменаў на рынку. Калі ў адным горадзе попыт на яблычныя пірагі падае, можна засяродзіцца на продажы іншых відаў пірагоў у іншых месцах.

Такім чынам, чым большы спіс тавараў, якія краіна экспартуе ў розныя краіны, і колькасць гэтых краін, у якія адбываецца экспарт, тым менш яна залежыць ад эканамічных ваганняў у нейкай канкрэтнай краіне. Таму, калі мы чуем, што «Беларусь працягвае дыверсіфікаваць экспарт», гэта значыць, што наша краіна замест таго, каб спадзявацца на экспарт толькі некалькіх відаў прадукцыі, імкнецца прадаваць больш розных тавараў і паслуг у розныя краіны. Гэта дапамагае эканоміцы нашай краіны быць больш устойлівай і паспяховай на міжнароднай арэне, што ў канчатковым выніку станоўча адаб’ецца на ўзроўні жыцця яе грамадзян.

 

Такім чынам, зараз мы без намаганняў можам чытаць ці слухаць яшчэ больш фінансавай інфармацыі і разумець, што яна азначае.