Калі вы дзесьці згубілі ці забыліся сваю банкаўскую картку, важна дзейнічаць неадкладна. Вось падрабязная інструкцыя, якая дапаможа вам мінімізаваць магчымую фінансавую рызыку і аднавіць кантроль над сітуацыяй.

Крок першы: блакіраванне карткі

 

Нават калі вы ўпэўнены, што забылі сваю картку ў сябе дома, не лішнім будзе падстрахавацца. Найперш за ўсё блакіруем картку. Існуе некалькі асноўных спосабаў, як зрабіць гэта:

 

  • Праз інтэрнэт- ці мабільны банкінг. Калі ў вас ёсць доступ да інтэрнэту, вы можаце заблакіраваць картку ў асабістым кабінеце на сайце банка і пацвердзіць дзеянне кодам з SMS-паведамлення.
  • Званок на гарачую лінію банка, які выпусціў картку. Нумар для сувязі ў надзвычайных сітуацыях можна знайсці на афіцыйным сайце банка. Супрацоўнік кантакт-цэнтра, хутчэй за ўсё, папросіць вас назваць кодавае слова, якое вы вызначылі пры афармленні карткі.
  • У самім банку. Калі вы знаходзіцеся каля аддзялення банка, вы можаце напісаць заяву аб блакіраванні карткі. У гэтым выпадку вам спатрэбіцца дакумент, які засведчыць асобу.

Гэтыя дзеянні дапамогуць абараніць вашы грошы і зрабіць так, каб вы маглі зноў выкарыстоўваць картку, калі яна знойдзецца.

 

Крок другі: пошук карткі

 

Перш чым распачынаць больш сур'ёзныя дзеянні, пераканайцеся, што картка сапраўды страцілася. Падумайце, дзе вы апошні раз яе выкарыстоўвалі. Магчыма, яна засталася ў краме, кафэ або на запраўцы. У інтэрнэт- або мабільным банкінгу можна паглядзець, дзе вы расплачваліся карткай. Калі вы не зможаце самі прагледзець гісторыю аперацый, то вам дапаможа супрацоўнік банка або кантакт-центра.

 

Магчыма, вы забылі дастаць картку, калі карысталіся банкаматам або тэрміналам. Калі картка застаецца ў прыладзе картапрыёмніка больш за адведзены час, банкамат аўтаматычна паглынае яе. У гэтай сітуацыі трэба звярнуцца ў банк і паведаміць пра тое, што здарылася.

 

Праверце свой рахунак, каб пераканацца, што ніхто не выкарыстаў вашу картку. Калі вы ўбачылі падазроныя транзакцыі, адразу звяртайцеся ў банк.

 

Крок трэці: новая картка

 

Не варта хвалявацца: калі вы адразу заблакіравалі картку, то нават у выпадку яе страты вы можаце карыстацца сродкамі на сваім рахунку і здымаць наяўныя грошы ў аддзяленні банка пры прад’яўленні пашпарта.

 

Калі картка так і не была знойдзеная, вам спатрэбіцца заказаць новую. Заяву на выпуск новай карткі можна падаць у любым аддзяленні вашага банка або праз сістэму інтэрнэт-банкінгу. Атрыманая картка будзе прывязаная да таго ж рахунку, што і папярэдняя, аднак яе нумар і PIN-код будуць іншымі.

 

Памятайце, калі картку вам вярнуў нават добра знаёмы чалавек, яна лічыцца «скампраметаванай». Такая картка павінна быць заблакіраваная і перавыпушчаная.

 

Пра што трэба паклапаціцца загадзя

 

Кожны можа сутыкнуцца са стратай банкаўскай карткі, таму варта загадзя паклапаціцца пра сябе і свае грашовыя сродкі:

  • Даведайцеся, як звязацца з банкам. Захавайце ў кантактах нумар тэлефона гарачай лініі банка, каб ён быў пад рукой у выпадку неабходнасці.
  • Загадзя даведайцеся, як можна засцерагчы грошы на рахунку  ў выпадку страты карткі менавіта ў вашым банку: ці ёсць альтэрнатыўныя варыянты блакіравання карткі, напрыклад, прыпыніць самі аперацыі па картцы, усталяваць нулявы ліміт па ўсіх аперацыях, каб пакінуць яе актыўнай, але недаступнай для транзакцый.
  • Сачыце за сваімі фінансамі. Гэта можна зрабіць, калі падключыць SMS-паведамленні аб расходных аперацыях па картцы. Гэта дазволіць вам хутка выявіць і паведаміць у банк аб любых нечаканых спісаннях.
  • Вызначыце ліміты расходавання сродкаў са свайго рахунку па памеры сумы, колькасці аперацый, часу, відах аперацый і інш. Гэта можна зрабіць у інтэрнэт- або мабільным банкінгу. Такім чынам вы зможаце знізіць рызыку страціць усё.
  • Застрахуйце картку. Пры страце карткі страхоўка дапаможа пакрыць расходы, якія звязаныя з аднаўленнем карткі, і пакрые страту ў выпадку крадзяжу грашовых сродкаў з яе.

Гэтыя меры засцярогі дапамогуць вам абараніць сябе ад фінансавых страт і аднавіць доступ да вашых сродкаў у выпадку страты банкаўскай карткі.