Працэс аплаты рахункаў часта патрабуе часу, увагі і адказнасці. Для зручнасці кліентаў у шматлікіх банкаўскіх дадатках прапануецца функцыя аўтааплаты.

Што такое аўтааплата

 

Аўтааплата – гэта сэрвіс аўтаматызацыі плацяжоў.

 

Вы можаце ўсталяваць шэраг параметраў аплаты: дату, час правядзення плацяжу, суму. Калі дадаць функцыю аўтааплаты для сваіх рэгулярных плацяжоў, напрыклад, такіх, як камунальныя паслугі, мабільная сувязь, інтэрнэт, тэлебачанне, можна быць упэўненым, што ўсе аперацыі будуць праведзены своечасова і без вашага ўдзелу. Трэба будзе сачыць толькі за тым, каб на рахунку былі сродкі.

 

Пасля выканання плацяжу банк адправіць вам SMS-апавяшчэнне або ліст на электронную пошту. Калі па розных прычынах плацеж не можа быць выкананы, вы таксама абавязкова атрымаеце апавяшчэнне аб гэтым. Такім чынам, вы заўсёды будзеце ў курсе таго, аплачаныя вашыя рахункі ці не.

 

Што можна аплаціць

 

З дапамогай функцыі аўтааплаты можна аўтаматызаваць працэс аплаты не толькі камунальных паслуг або платы за сувязь і інтэрнэт, але і ажыццяўляць іншыя рэгулярныя плацяжы, напрыклад, аплачваць крэдыты і растэрміноўкі, секцыі і гурткі, харчаванне ў школах і дзіцячых садках, паслугі паркоўкі, падаткі, дабрачынныя ўзносы і інш.

 

Калі вы выкарыстоўваеце аўтааплату, вы таксама можаце:

- рэгулярна пераводзіць сродкі на ашчадны рахунак;

- папаўняць дэпазіт;

- пераводзіць на дзіцячую картку "кішэнныя" грошы, або ажыццяўляць пераводы сваякам.

 

Аўтааплата бывае некалькіх відаў

 

Па раскладзе – грошы спісваюцца ў вызначаны тэрмін. Гэты варыянт зручны для здзяйснення плацяжоў з фіксаванай сумай. Вы ўсталёўваеце штомесячны плацеж у памеры, напрыклад, 30 рублёў, і гэтая сума будзе аўтаматычна спісвацца з вашага рахунку ў пэўны дзень кожнага месяца для аплаты крэдыту, інтэрнэту, тэлефона, школьнага гуртка або іншага плацяжу з адной і той жа сумай.

 

Плацяжы па выстаўленай запазычанасці, такія як, напрыклад, плата за кватэру, падаткі або штрафы. Сістэма будзе аплачваць менавіта тую суму, якая вызначана ў квітанцыі.

 

Аўтааплата па патрабаванні актывуецца, напрыклад, калі баланс на вашым мабільным тэлефоне падае да ўсталяванага вамі мінімуму, і аўтаматычна папаўняе яго на выбраную вамі суму. Напрыклад, калі баланс мабільнага тэлефона паменшыцца да 5 рублёў, сістэма сама папоўніць яго на 20 рублёў.

 

Як падключыць

 

Гэтую паслугу можна актываваць праз інфакіёскі банка або Інтэрнэт- і мабільны банкінг, а таксама з дапамогай спецыяліста банка, калі запоўніць заяву ў аддзяленні. Працэс рэгістрацыі складаецца з некалькіх крокаў:

 

1. У інфакіёску або праз Інтэрнэт-банкінг выбіраеце функцыю "Аўтааплата".

2. Выбіраеце атрымальніка плацяжу і яго рэквізіты.

3. Вызначаеце перыядычнасць плацяжоў і іншыя неабходныя даныя.

Аўтааплату вы можаце падключаць і адключаць як для асобных плацяжоў, так і па ўсіх адразу, рэдагаваць іх рэквізіты і выконваць іншыя аперацыі.

 

Перш чым падключыць аўтааплату

 

Каб гэты сэрвіс спрасціў, а не ўскладніў ваша жыццё, прытрымлівайцеся наступных простых правілаў.

Па-першае, вывучыце ўмовы, на якіх прадастаўляецца гэтая паслуга. Пераканайцеся, што вам будуць паведамляць пра зробленыя (ці не зробленыя) плацяжы, высветліце, як гэта будзе адбывацца.

 

Па-другое, усталюйце тэрміны аўтааплаты з запасам. Перавод грошай можа заняць некалькі дзён.

Па-трэцяе, хоць галоўнай мэтай аўтааплаты і з'яўляецца зручнасць і спрашчэнне жыцця, тым не менш кантроль ніхто не адмяняў. Своечасова адключайце паслугу і абнаўляйце рэквізіты атрымальніка па меры неабходнасці.

 

Плюсы і мінусы аўтааплаты

 

Плюсы:

Гэтая паслуга забяспечвае зручнасць і эканоміць час. Замест таго, каб кожны раз запаўняць рэквізіты плацяжу, вы вызначаеце іх адзін раз, і сістэма будзе аўтаматычна праводзіць неабходныя транзакцыі і далей.

Аўтааплата дапаможа вам ажыццяўляць плацяжы своечасова – вы не прапусціце ніводнага важнага плацяжу.

 

Мінусы:

Нават калі чалавек перастаў карыстацца нейкай паслугай, ён працягвае плаціць да таго часу, пакуль не адключыць гэты сэрвіс.

Трэба быць уважлівым. Часам нядобрасумленныя пастаўшчыкі паслуг не падаюць поўную інфармацыю: згода на аўтааплату можа быць устаноўлена па ўзмаўчанні.

 

Такім чынам, сэрвіс "Аўтааплата" дазваляе ўладальнікам банкаўскіх картак аўтаматызаваць працэс аплаты розных паслуг. Гэта функцыя, якая, з аднаго боку, эканоміць час, а з другога боку, патрабуе ўвагі і кантролю з боку карыстальніка.

 

Спадзяемся, наш артыкул дапаможа вам зрабіць правільны выбар!