Разгледзім топ-6 фраз, якія выкарыстоўваюць фінансавыя махляры.

Фінансавыя махляры часта выкарыстоўваюць псіхалагічныя прыёмы, каб выманіць грошы ў сваіх ахвяр. Пад уплывам хвалявання, страху за блізкіх, моцнайнай трывогі аб сваіх фінансах, выкліканых інфармацыяй і манерай зносін махляроў, ахвяры трапляюць у расстаўленыя пасткі і страчваюць свае грошы. У момант тэлефоннай размовы з незнаёмым чалавекам варта насцярожыцца і ўсумніцца ў праўдападобнасці пачутых па тэлефоне навін, асабліва калі падчас размовы "нагнятаецца атмасфера": вас стараюцца запужаць ці прыспешыць у дзеяннях. Для гэтага махляры ўжываюць пэўныя словы і фразы.

"Праводзіцца сакрэтная аперацыя, раскрыццё інфармацыі забаронена!"

 

Махлярскія сцэнарыі могуць ледзь-ледзь адрознівацца, але агульны прынцып такі: махляры спрабуюць пераканаць вас, што вашы сродкі знаходзяцца пад пагрозай, і для іх выратавання, а таксама для затрымання злачынцаў неабходна, напрыклад, выканаць перавод грошай на спецыяльны рахунак. Аднак яны сцвярджаюць, што аперацыя вельмі сакрэтная і пра яе нельга нікому паведамляць.

 

Памятайце, рэальныя супрацоўнікі праваахоўных органаў не стануць звязвацца ў мэсэнджарах або па тэлефоне і прасіць здзейсніць якія-небудзь дзеянні з вашымі рахункамі! 

 

"З вамі размаўляе супрацоўнік праваахоўных органаў!"

 

У схемах тэлефоннага махлярства часта фігуруюць персанажы накшталт следчага, памочніка пракурора або прадстаўніка падатковай інспекцыі. Яны выкарыстоўваюць упэўнены тон, каб выклікаць страх і збіць з панталыку, не даючы часу на роздум.

 

Нягледзячы на тое, што супрацоўнік праваахоўных органаў сапраўды можа звязацца з вамі, сапраўдны следчы аддасць перавагу ўручыць вам позву або запрасіць у свой кабінет. Калі ж «супрацоўнік», які вам тэлефануе, сцвярджае, што ён знаходзіцца ў іншым горадзе, гэта можа быць прыкметай падману. У выпадку неабходнасці, сапраўдны міліцыянер можа прыехаць да вас дадому або на работу і прад'явіць пасведчанне, а не высылаць яго фота ў мэсэнджар. Лепшая стратэгія бяспекі – прапанаваць абаненту прыехаць і паказаць дакументы або адправіць позву на ваш адрас. Пасля гэтага варта неадкладна завяршыць размову.

 

"Гэта званок са службы бяспекі банка"

 

Супрацоўнікі банка ніколі не будуць тэлефанаваць кліентам для папярэджання аб падазроных аперацыях або пераводах, гэта не ўваходзіць у іх абавязкі. Махляры, аднак, могуць спрабаваць запалохаць вас ці аказваць ціск, каб вы адключылі лагічнае мысленне. Важна памятаць, што пры любых сумненнях вы павінны спыніць размову і патэлефанаваць у ваш банк для атрымання дакладнай інфармацыі.

 

Ні адзін банкаўскі работнік не папросіць вас паведаміць нумар вашай карткі або код пацверджання, які вы атрымалі па тэлефоне. У выпадку ўзнікнення падазрэнняў, банк можа заблакіраваць усе аперацыі па вашым рахунку і картку да той пары, пакуль вы асабіста не наведаеце аддзяленне з дакументамі.

Калі пасля званку ў вас засталіся сумненні, звярніцеся ў банк па нумары, які ўказаны на адваротным баку вашай карткі, або патэлефануйце ў кантакт-цэнтр установы, прадстаўніком якой выступаў чалавек, які тэлефанаваў.

 

"Хтосьці афармляе на вас крэдыт непасрэдна зараз!"

 

Гэтыя паведамленні накіраваныя на тое, каб выклікаць у вас стрэс і заахвоціць да дзеянняў, якія нібыта абароняць вашы сродкі, але на самай справе прывядуць да іх страты. У рэальнасці, банк не будзе патрабаваць ад вас ніякіх дзеянняў. Паўторымся, што ў выпадку падазроных аперацый, банк можа заблакіраваць грошы на рахунку, але не будзе тэлефанаваць вам.

 

Махляры ж, наадварот, будуць спрабаваць выклікаць ваш неспакой і прапануюць дзейнічаць без наведвання банка: напрыклад, паведаміць коды пацверджання, нумар карты і іншыя асабістыя даныя. Каб засцерагчы сябе, лепш за ўсё сказаць, што вы самі наведаеце банк, і адразу ж пакласці трубку. Далей патэлефанаваць у банк па афіцыйным нумары службы падтрымкі.

 

"Прагаласуйце, калі ласка, у конкурсе!"

 

Звычайна такое паведамленне прыходзіць у мэсэнджар разам са спасылкай. Пераход па ёй можа прывесці да страты доступу да вашага акаўнта. Спасылка можа перанакіраваць вас на сайт, дзе вас папросяць увесці асабістыя даныя, уключаючы паролі і нумары банкаўскіх картак. Такая просьба ў спалучэнні з незразумелай спасылкай павінна насцярожыць вас.

 

Часта аказваецца, што рахунак знаёмага быў узламаны. Таму нават калі вы давяраеце чалавеку, які адправіў паведамленне, заўсёды лепш перастрахавацца і патэлефанаваць яму для пацверджання інфармацыі. Узлом акаўнтаў у сацыяльных сетках, пошты і мэсэнджараў стаў распаўсюджанай з'явай, і многія адукаваныя і паспяховыя людзі сталі ахвярамі такіх схем. Калі вы бачыце незвычайныя паведамленні, будзьце пільнымі і пераканайцеся, што адпраўнік сапраўды той, за каго сябе выдае.

 

"Бабуля, з-за мяне пацярпеў чалавек"

 

Гэтая сітуацыя па-ранейшаму распаўсюджаная: званок ад усхваляванага «ўнука», які плача, або іншага сваяка з невядомага нумара, які раптам змяняецца настойлівым голасам фальшывага следчага. Няма часу на разважанні, і вы ўжо гатовыя перадаць грошы кур'еру, які нібыта стаіць каля вашых дзвярэй або вось-вось пад'едзе. Аднак замест гэтага вам варта пакласці трубку і патэлефанаваць свайму сваяку, які, хутчэй за ўсё, будзе здзіўлены даведацца пра здарэнне.

У падобных сітуацыях махляры імкнуцца любымі спосабамі ўтрымаць ахвяру ў размове, засыпаючы яе патокам слоў і палохаючы страшнымі наступствамі. Калі вы пачуеце падобнае сцвярджэнне, можаце смела спыніць размову.

 

Такім чынам, мы пералічылі ключавыя фразы, пачуўшы якія, трэба адразу насцярожыцца: хутчэй за ўсё гэта махляры!