Эканоміка - гэта не сумна! Ці ведаеце вы такія займальныя эканамічныя паказчыкі, як індэкс чаркі-скваркі або індэкс баршчу?

Эканамісты ва ўсім свеце прапануюць свае незвычайныя індэксы, з дапамогай якіх спрабуюць улавіць тэндэнцыі ў эканоміцы. Паўжартам-паўсур'ёзна яны спрабуюць растлумачыць складаныя працэсы праз простыя рэчы. Рабіць высновы аб эканоміцы краін з дапамогай такіх рэчаў, вядома, нельга. Гэтыя індэксы і ствараліся першапачаткова для забавы, і ставіцца да іх занадта сур'ёзна не варта. Давайце даведаемся, якія ёсць цікавыя эканамічныя індыкатары.

Часта дабрабыт беларусаў спрабуюць вымераць з дапамогай індэкса чаркі-скваркі, які складаецца з цаны 100 грамаў бескасцёвай свініны і 100 грамаў гарэлкі. З дапамогай яго спрабуюць адсачыць рост коштаў на асобныя групы прадуктаў, якія карыстаюцца попытам.

Індэкс баршчу з'яўляецца неафіцыйным эканамічным паказчыкам, які выкарыстоўваецца для ацэнкі змены кошту жыцця і інфляцыі. Ён заснаваны на кошце набору прадуктаў, неабходных для прыгатавання ўсімі любімай стравы. У так званы баршчавы набор уваходзяць свіныя рэбры, бульба, капуста, морква, рэпчатая цыбуля, часнык, бурак і смятана.

У краінах постсавецкай прасторы папулярным стаў індэкс аліўе. Гэты класічны салат мы рыхтуем кожны год у навагоднія дні з адных і тых жа інгрэдыентаў, таму можна параўнаць, як за год змяніліся цэны на гэтыя прадукты.

Індэкс губной памады як своеасаблівы індыкатар стану эканомікі прапанаваў кіраўнік адной з вядучых касметычных карпарацый. Ён выказаў здагадку, што продаж касметыкі ў перыяды эканамічнай нестабільнасці павялічваецца, у той час як продажы адзення і абутку падаюць. Калі новую сукенку ў крызіс можа дазволіць сабе не кожная жанчына, то парадаваць новай губной памадай могуць амаль усе жанчыны.

Папулярным сярод такіх індэксаў з'яўляецца індэкс біг маку. Гэты паказчык прыдумалі выдаўцы брытанскага часопіса The Economist яшчэ ў 1986 годзе. І ён спадабаўся чытачам, але не таму, што ён адлюстроўвае рэальнасць, а таму што гэта вясёлы спосаб параўнаць валюты розных краін. Насамрэч практычнай карысці ад яго, як і ад іншых індэксаў, няма.

Індэкс спаткання асабліва папулярны ў немцаў. Такім чынам фарміруецца рэйтынг дарагоўлі гарадоў - па ацэнцы кошту стандартнага спаткання, якое ўключае: паездку на таксі, два квіткі ў кіно, вячэру ў кафэ з двума куфлямі спіртнога. Гэты барометр паказвае, чым больш грошай людзі гатовы патраціць на спатканне, тым лепш у эканоміцы ідуць справы.

Індэкс прычоскі на падставе сваіх назіранняў вывелі цырульнікі і стылісты. Іх тэорыя заключаецца ў тым, што ў крызіс жанчыны носяць пераважна доўгія валасы. Таму што кароткія стрыжкі патрабуюць больш частых візітаў да цырульніка, а таксама больш дбайнай укладкі, частага выкарыстання сродкаў для догляду.

Індэкс моцнай сям'і кажа аб тым, што ў крызіс колькасць разводаў рэзка скарачаецца - спраўляцца з фінансавымі цяжкасцямі сямейным людзям лягчэй, чым адзінокім. Мужчыны не ходзяць "налева", бо грошай і так не хапае. Сям'я свой вольны час праводзіць разам, наладжваючы сувязь.

Існуюць таксама індэкс кароткай спадніцы, індэкс шампанскага, індэкс айпода і іншыя.

Немагчыма вымераць тое, што адбываецца ў эканоміцы краіны або ў свеце па цане міскі салата або кошту баршчу. Эканамічная навука - справа сур'ёзная, і рабіць высновы аб дабрабыце насельніцтва па такіх рэчах немагчыма, але вельмі пацешна ...