У гэтым артыкуле разбяромся, што такое накапляльнае страхаванне і каму яно падыдзе.

 

Разам з доўгатэрміновымі ўкладамі на фінансавым рынку Беларусі прапануецца і такі інструмент, як накапляльнае страхаванне.

Што такое накапляльнае страхаванне

 

Накапляльнае страхаванне – гэта фінансавы інструмент, які прадстаўляе магчымасць не толькі захаваць (і нават павялічыць) капітал, але і забяспечыць пры гэтым страхавую ахову.

 

Заключыўшы дагавор па праграме накапляльнага страхавання, чалавек робіць рэгулярныя страхавыя ўзносы на свой імянны рахунак у страхавой кампаніі. Гэтыя сродкі страхавая арганізацыя інвесціруе, і атрыманы даход накіроўвае на павелічэнне зберажэнняў кліента. Выплата назбіранай сумы робіцца па заканчэнні тэрміну страхавання.

 

Дагавор накапляльнага страхавання магчыма дапоўніць страхавой аховай на выпадак непрадбачаных падзей (напрыклад, атрыманне траўм, інваліднасць, смерць і інш.). Пры ўзнікненні вышэйназваных сітуацый страхавая кампанія робіць выплату ў межах сум, абумоўленых у дагаворы страхавання.

 

Сутнасць ашчаднага інструмента складаецца ў тым, што пасля заканчэння тэрміну страхавання адбываецца выплата ўсіх накапленняў з улікам даходнасці. Цікавай асаблівасцю гэтага віду страхавання з’яўляецца тое, што выконваецца індывідуальны падыход да кожнага кліента, у выніку чаго ствараецца ўнікальны страхавой прадукт з персанальнымі ўмовамі, якія і прапісваюцца ў дагаворы. Напрыклад, рызыкоўная частка (а ў залежнасці ад гэтага будзе вар’іравацца і накапляльны складальнік) можа быць больш або менш у залежнасці ад пажаданняў кліента.

 

Што можна застрахаваць

 

З дапамогай накапляльнага страхавання можна сабраць грошы на любыя пажаданні. Найбольш папулярныя праграмы накапляльнага страхавання наступныя:

  • Страхаванне жыцця – дапамагае паменшыць расходы пры ўзнікненні праблем са здароўем, а таксама адкласці грошы на запланаваныя расходы або стварыць зберажэнні.
  • Дзіцячае страхаванне – мэты накаплення могуць быць самымі рознымі: напрыклад, аплата навучання дзіцяці ва ўніверсітэце або купля яму жылля. А пакуль ідзе накапленне, вашае дзіця застрахавана ад непрадбачаных абставін у яго жыцці.
  • Пенсійнае страхаванне – страхавым выпадкам тут з’яўляецца выхад на пенсію – менавіта ў гэты момант кліент можа альбо адразу забраць усю назбіраную суму, альбо атрымліваць часткамі ў якасці дадатку да пенсіі.
  • Страхаванне дадатковай пенсіі з удзелам дзяржавы. Дзяржава падвойвае ўзносы працуючых грамадзян, якія накіроўваюць ад 1 да 3% свайго даходу на асабісты рахунак грамадзяніна ў страхавой кампаніі, а пры выбары тарыфу ад 4 да 10% – дзяржава дадае 3%. Пасля выхаду на пенсію ўдзельнікі праграмы штомесяц атрымліваюць назбіраную пенсію дадаткова да працоўнай.

 

Што яшчэ важна ведаць

 

Накапляльныя страхавыя праграмы адрозніваюцца доўгімі тэрмінамі. Калі чалавек заключае дагавор накапляльнага страхавання пенсіі ў маладым узросце, то ўся праграма накаплення можа доўжыцца 20-30 і больш гадоў. Трэба ведаць, што, як правіла, магчымасць скасаваць дагавор датэрмінова альбо не будзе прадугледжана наогул, альбо яна будзе абмежаваная.

 

Як і любыя іншыя інвестыцыі, праграмы накапляльнага страхавання спалучаны з рызыкамі. У залежнасці ад умоў інвеставання грашовых сродкаў страхавой кампаніяй памер даходнасці можа змяняцца ў большы або меншы бок. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25.08.2006 № 530 «Аб страхавой дзейнасці» (п.3 раздзела 1), дзяржава гарантуе страхавыя выплаты па відах страхавання, якія адносяцца да страхавання жыцця, відах абавязковага страхавання, калі дагаворы страхавання заключаны з дзяржаўнымі страхавымі арганізацыямі.

 

Вялікім плюсам накапляльнага страхавання з'яўляецца тое, што даходы, атрыманыя ў рамках накапляльнага страхавання, не абкладаюцца падаткамі, больш за тое – грамадзянам, якія заключылі дагаворы добраахвотнага накапляльнага страхавання, належыць падатковы вылік у памеры выплачаных страхавых узносаў.     

 

Такім чынам, накапляльнае страхаванне дазваляе рабіць мэтавыя і доўгатэрміновыя зберажэнні, забяспечваючы комплексную страхавую ахову: кліент збірае грошы і ў той жа час яго жыццё застрахавана.