"Чорнай пятніцай" прынята называць маштабны распродаж у апошнюю пятніцу лістапада, з якога пачынаецца перадкалядны сезон зніжак на самыя разнастайныя тавары.

Па адной з версій гэта назва ўзнікла дзякуючы спосабу вядзення бухгалтарскай справаздачнасці. Калі даўгі і выдаткі перавышалі даходы, то розніцу паміж імі (сальда) бухгалтары запісвалі чырвонымі чарніламі, а прыбытак – чорнымі. Паколькі выручка ў гэтыя дні была велізарнай, то і чорны колер у справаздачнасці пераважаў.

У гэтым артыкуле дадзім некалькі парад, як не пераплаціць замест атрымання зніжкі, калі ажыцяўляеце пакупкі ў «Чорную пятніцу», а таксама як не патрапіць на хітрыкі махляроў, якія актывізуюцца ў гэтыя дні.

 

Купляйце патрэбнае

Дні распродажаў прадастаўляюць выдатную магчымасць зрабіць даўно запланаваныя пакупкі. Складайце спіс пакупак па прыярытэтам, зыходзячы з вашых мэтаў. У дні зніжак спіс пакупак дапаможа пазбегнуць імпульсіўных трат і засяродзіцца на куплі патрэбных тавараў. Напрыклад, калі ваш смартфон састарэў і дрэнна працуе, заплануйце яго замену менавіта ў дні распродажы.

 

Прытрымлівайцеся бюджэту

Загадзя расплануйце бюджэт, каб зразумець, колькі вы гатовыя патраціць на пакупкі. Вызначыце ў сямейным бюджэце канкрэтную суму на гэтыя мэты. Так вы будзеце больш абачліва ставіцца да грошай падчас распродажу і не траціць іх на ўсякія дробязі. Можна ўсталяваць самому сабе ліміт па карце.

 

Будзьце асцярожныя з крэдытамі

Прадаўцы часта супрацоўнічаюць з банкамі, прапаноўваючы крэдыты пакупнікам, але, як вядома, за карыстанне пазыковымі грашыма трэба плаціць працэнты, што павялічвае агульны кошт тавару. Гэта можа звесці на нішто ўсю эканомію на зніжках. Таму крэдытную карту ў гэтыя дні лепш пакінуць дома, бо пад уздзеяннем эмоцый можна расходаваць усе сродкі па рахунку. Выключэнне могуць складаць такія буйныя пакупкі, якія вы загадзя планавалі купіць у крэдыт незалежна ад распродаж.

 

Правярайце зніжкі

Пераканайцеся, што зніжка рэальная. Часта прадаўцы прыцягваюць пакупнікоў зніжкамі ў 70, 80 і нават 90% ад першапачатковай цаны. На самай жа справе можа атрымацца, што тавару няма ў наяўнасці або яго цана была завышана перад распродажам. Напрыклад, прадавец прапануе 50% зніжку на зімовае паліто за 500 рублёў, хаця да распродажу яго цана была 300 рублёў. Каб зразумець, як змянялася цана на тавар і наколькі зніжка рэальная, можна выкарыстоўваць спецыяльныя сэрвісы для адсочвання цэн.

 

Рыхтуйцеся загадзя

Правядзіце папярэдняе даследаванне і вывучыце тавары, якія вас цікавяць. Гэта дапаможа зэканоміць час, а таксама пазбегнуць неразумных/непатрэбных пакупак у першай жа краме. Ведаючы, што і дзе ёсць у наяўнасці, вы зможаце выбраць самыя выгадныя і цікавыя для вас варыянты.

Калі вы аддаяце перавагу афлайн-шопінгу, зайдзіце ў крамы і прымерайце рэчы загадзя. Пры онлайн-пакупках можна дадаць рэчы, якія спадабаліся, у кошык або выбраныя тавары.

 

Распазнавайце маркетынгавыя хітрыкі

«Не марудзьце! Гэта лепшы момант купіць тое, што даўно хацелі!», «Купляйце больш, трацьце менш!», «Патраць 100 рублёў і атрымай дадатковую зніжку!» –  гэтыя і іншыя маркетынгавыя слоганы прымушаюць нас дзейнічаць эмацыйна, траціць усе грошы ў адной краме, купляць непатрэбныя тавары. Каб дасягнуць патрэбнай для атрымання зніжкі сумы, мы часта дадаем у кошык непатрэбныя рэчы. У выніку можам апынуцца ў пройгрышы. Памятайце, што дэфіцыт на распродажах часта ствараецца штучна.

 

Думайце крытычна

Звычайна самыя вялікія зніжкі бываюць на рэчы, якія ўжо выходзяць з моды і з'яўляюцца неактуальнымі. Лепш набываць базавыя рэчы, або тыя, якія неабходныя пастаянна ў паўсядзённым жыцці, і іх купля са зніжкай дапаможа вам сэканоміць. Гэта, напрыклад, сродкі для ўборкі і сродкі для чысткі, канцылярскія тавары, батарэйкі, лямпачкі, сродкі гігіены і іншыя падобныя тавары.

 

Сцеражыцеся махляроў

Выконвайце правілы бяспекі пры інтэрнэт-пакупках. У Чорную пятніцу махляры часта актывізуюцца і могуць ствараць падробленыя сайты вядомых інтэрнэт-крам. Яны прадаюць неіснуючыя тавары і крадуць грошы з банкаўскіх плацежных картак. Каб не стаць іх ахвярай, будзьце пільныя! Перад купляй праверце інтэрнэт-адрас крамы, пачытайце водгукі пра яе, праверце наяўнасць кантактных даных. Для анлайн-аплаты выкарыстоўвайце асобную банкаўскую плацежную картку.

 

Мы расказалі, як граматна здзяйсняць пакупкі ў Чорную пятніцу, каб замест эканоміі не выйшлі лішнія траты і апусцелы перад Новым годам кашалёк. Памятайце, што тавар выгадны, калі ён вам сапраўды патрэбны нават без зніжкі. Прыемных і патрэбных вам пакупак!