Раскажам, як прывесці ў парадак свае асабістыя фінансы.

Часам бывае так, што быццам бы і даход у сям'і дастатковы, а ўсё роўна да зарплаты ледзь-ледзь дацягваюць. Або здараецца, што без карткi з авердрафтам немагчыма пражыць аніводнага месяца: выкарыстоўваеш яе, калі зарплата ўжо выдаткаваная, а калі надыходзіць дзень зарплаты – вялікая яе частка ідзе на пагашэнне доўгу. Калі вы ўвесь час сутыкаецеся з такімі сітуацыямі, то гэты артыкул для вас.

Трымаем руку на пульсе

Адным з галоўных фактараў, якія ўплываюць на тое, што грошы "выцякаюць" – з'яўляецца адсутнасць бюджэтнага планавання. Многія нават не ведаюць, якая сума ў іх у кашальку, якая на картцы, на якія выдаткі грошы трэба зрабіць абавязкова, а што можа пачакаць. Толькі фіксуючы свае даходы і выдаткі можна ўбачыць фінансавую "карціну" цалкам. Прааналізаваўшы свае выдаткі, вы можаце вызначыць праблемныя зоны. Паглядзіце, на што сыходзіць больш за ўсё грошай (напрыклад, ежа навынас, падпіскі, імпульсіўныя пакупкі). Абавязкова вылучыце асобны артыкул на забавы –вызначыце, як часта і на колькі вы будзеце яго папаўняць, і не выходзiце за межы гэтай сумы. Усё, што тычыцца вашых грошай, трэба рабіць свядома і ніяк не "на аўтамаце".

 

Разбіраемся з даўгамі

Калі ў вас ёсць даўгі, на якія сыходзіць ільвіная частка вашых даходаў, трэба скласці асобны пазыковы бюджэт для выхаду з "пазыковай ямы". Ён будзе паказваць, колькі чалавек павінен, і колькі яму трэба заплаціць па кожным канкрэтным даўгавым абавязку. Раім спачатку пагашаць даўгі з найбольш высокім адсоткам.

 

Выдаткі як абавязковая пазіцыя

Мы часта думаем: "Адкладу тое, што застанецца напрыканцы месяца". Але гэта так не працуе! У канцы месяца ўжо нічога не застаецца. Спачатку "заплаці сабе" – вось "залатое" правіла фінансава граматнага чалавека. Гэта значыць самым першым і самым прыярытэтным пунктам выдаткаў павінна стаць пазіцыя "ЗБЕРАЖЭННI". Аўтаматызуйце свае зберажэнні – наладзьце аўтаматычны перавод з карткі на ўклад, каб не вылічваць і не пералічваць суму штомесяц. Гэта вельмі важны крок да навядзення парадку ў асабістых фінансах.

 

Матывуем сябе для падтрымання парадку ў фінансах

Арганізоўвайце сабе фінансавыя чэленджы. Напрыклад, можна сесці на "фінансавую дыету": правесці месяц без імпульсіўных пакупак. Або паставіць сабе мэту не траціць больш пэўнай сумы ў дзень на незапланаваныя траты (скажам, 20 рублёў). А можна пражыць тыдзень без кавы з кавярняў і перакусаў у кафэ. Зэканомленыя сродкі накіруйце на ажыццяўленне запаветнай фінансавай мэты Ацаніце, наколькі хутчэй яна цяпер будзе дасягнута?

 

Такім чынам, універсальны алгарытм рэвізіі асабістых фінансаў уключае абавязковае вядзенне асабістага бюджэту, зберажэнне часткі сваіх даходаў, аптымізацыю даўгоў, вызначэнне для сябе інструментаў і матывацыі падтрымання парадку ў фінансах. Вам могуць дапамагчы дадаткi па ўліку асабістых фінансаў, чэленджы і іншыя хітрыкі, здольныя зрабіць працэс кіравання асабістымі фінансамі простым і займальным.

У такім выпадку вашы фінансы заўсёды будуць у поўным парадку!

14.05.2025