Махляры працягваюць ствараць новыя схемы падману, з дапамогай якіх яны крадуць паролі, даныя картак і коды з SMS-апавяшчэнняў. А з дапамогай гэтых даных – і грошы сваіх ахвяр. У гэтым артыкуле раскажам пра некаторыя новыя схемы фінансавага махлярства.

Зносіны з работадаўцам

 

Сустрэча кандыдата з будучым работадаўцам можа праходзіць як асабіста, так і ў анлайн-фармаце. Пад выглядам будучага работадаўцы махляры праводзяць анлайн-гутаркі, дзе просяць кандыдата запоўніць анкету, адзін з пунктаў якой – указанне нумара карткi і іншых яе рэквізітаў. На яе махляры абяцаюць выконваць аплату. Зламыснікі карыстаюцца хваляваннем і разгубленасцю суіскальнікаў, каб скрасці асабістыя даныя.

 

Ці трэба казаць, што замест грашовых паступленняў на банкаўскую картку кандыдата з яе праз пэўны час пачнуцца спісанні, а на працу яго так і не ўладкуюць.

 

Парада: пры зносінах з будучым работадаўцам захоўвайце разважлівасць, халодную галаву, не паддавайцеся эмоцыям, а галоўнае – сачыце за данымі, доступ да якіх прапануецца прадаставіць. Вывучыце водгукі аб кампаніі, у якую вы збіраецеся ўладкавацца на працу.

 

Махляры на маркетплэйсах

 

Маркетплэйсы трывала ўвайшлі ў нашае жыццё, праз іх выконваецца велізарная колькасць разнастайных пакупак. Махляры таксама не грэбуюць гэтымі пляцоўкамі. Гандлёвыя анлайн-пляцоўкі рознымі спосабамі абараняюць анлайн-кабінеты карыстальнікаў і свае мабільныя дадаткi, але часам злачынцы абыходзяць прадугледжаныя меры. А ўсё таму, што карыстальнікі самі незнарок дапамагаюць ім у гэтым.

 

Махляры знаходзяць у сацыяльных сетках людзей, якія пакідалі негатыўныя каментарыі, i прадстаўляюцца менеджарамі службы падтрымкі маркетплэйсу, прапануюць вярнуць грошы за тавар або кампенсаваць шкоду. Затым дасылаюць спасылку для ўводу рэквізітаў карткi.  

 

Таксама махляры могуць узламаць электронную пошту, якая прывязана да акаўнта на маркетплэйсе, увайсці ў яго і аформіць фэйкавыя заказы, аплаціўшы іх прывязанай карткай.

 

Яшчэ адна схема, якой варта сцерагчыся: махляры могуць рассылаць фальшывыя прапановы пра ілжывыя зніжкi са спасылкамі на сайты-двайнікі маркетплэйсаў. Чалавек, які атрымаў ліст аб распродажы, пераходзіць па спасылцы, уводзіць даныя сваёй карткi на фальшывым сайце і губляе свае грошы. Неабходна заўсёды правяраць адпраўніка і спасылкі ў пісьмах.

 

Акрамя таго, махляры могуць прывабіць людзей абяцаннямі лёгкага заробку за дыстанцыйную працу на маркетплэйсе. Напрыклад, яны прапануюць афармляць заказы, каб тавар падняўся ў рэйтынгу маркетплэйса, а потым адмяніць заказ. Абяцаюць вярнуць грошы за пакупку, ды яшчэ даплаціць бонус зверху. Махляры высылаюць спасылку на фішынгавы сайт. І як толькі вы робіце заказ, грошы, вядома, ніхто вам не вяртае.

 

Парада: заўсёды правярайце адрасы сайтаў і адпраўнікоў, ніколі не пераходзьце па падазроных спасылках, выкарыстоўвайце афіцыйныя дадаткi і сайты для пакупак. Завядзіце асобную картку для інтэрнэт-пакупак і пераводзьце на яе грошы прама перад аплатай.

Правярайце інфармацыю пра вакансіi на афіцыйных сайтах, не верце абяцанням лёгкага заробку і памятайце, што бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы.

 

Падробленыя відэапаведамленні ­– дыпфэйкі

 

Махляры могуць выкарыстоўваць падробленыя галасавыя і відэапаведамленні ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах для выманьвання грошай. Яны могуць нават стварыць віртуальныя копіі рэальных людзей і адправіць паведамленні ад іх імя, што робіць іх падман яшчэ больш пераканаўчым і складаным для распазнання.

 

Злачынцы ўзломваюць акаўнты, здабываюць з іх фатаграфіі, відэа і аўдыёзапісы, а затым загружаюць іх у нейрасетку. На аснове гэтых даных яна стварае так званы дыпфэйк, г. зн. віртуальны вобраз, які вельмі падобны на арыгінал. Пасля гэтага махляры запісваюць відэа з лічбавым двайніком, які сцвярджае, што трапіў у бяду – гэты сцэнарый усім ужо добра знаёмы. Напрыклад, ён можа сказаць, што сур'ёзна захварэў, трапіў у аварыю або страціў работу, а потым просіць фінансавай дапамогі. Відэа з дыпфэйкам адпраўляецца сваякам, сябрам чалавека з указаннем рэквізітаў для пераводу грошай.

 

Часам махляры ствараюць дыпфэйкi вядомых асоб або папулярных блогераў і рассылаюць відэапаведамленнi іх падпісчыкам. Гэта робіць іх падман яшчэ больш маштабным, таму што яны могуць ахапіць вялікую аўдыторыю і атрымаць больш грошай.

 

Парада: падробку можна распазнаць па некаторых прыкметах – дэфекты гуку і выявы, манатонны голас, ненатуральная міміка могуць паказваць на тое, што відэа з'яўляецца падробленым. Але нават калі відэа выглядае праўдападобна, варта з асцярожнасцю ставіцца да просьбаў пра грошы і памятаць, што акаўнт мог быць узламаны. Патэлефануйце сваяку і пераканайцеся, што яму сапраўды патрэбна дапамога. Задайце пытанне, адказ на якое ведае толькі ён. Гэта дапаможа пераканацца ў сапраўднасці просьбы і спыніць махлярства.

 

Спадзяемся, нашы парады дапамогуць абараніць вашы даныя, грошы і галоўнае нервы ад махляроў. Будзьце пільныя!