Страхаванне адказнасці – гэта асаблівы від страхавання, які дапамагае пакрыць страту, калі вы нанеслі шкоду камусьці  ці чыёйсьці ўласнасці. Пра асаблівасці гэтага тыпу страхавання і пра самыя распаўсюджаныя яго віды расказваем у гэтым артыкуле.

Што трэба ведаць пры страхаванні адказнасці

  • Пры страхаванні адказнасці страхуецца толькі грамадзянская адказнасць, але не іншыя яе віды: пацярпелы атрымае кампенсацыю ад страхавой кампаніі, але вы можаце панесці крымінальную або адміністрацыйную адказнасць.
  • У адрозненне ад страхавання маёмасці, калі нам вядомы яе кошт, пры страхаванні адказнасці мы не ведаем наперад суму магчымай страты. Таму заўсёды трэба памятаць, што страту звыш сумы страхавога пакрыцця вам прыйдзецца аплаціць самастойна.
  • Пры выбары страхавой кампаніі трэба перш за ўсё параўнаць тарыфы розных кампаній, даведацца пра кошт страхоўкі, пералік патрэбных дакументаў. Важна таксама высветліць, што канкрэтна па дагаворы лічыцца страхавым выпадкам, і ці ёсць варыянты, калі страхоўка не спрацуе.
  • Страхаванне адказнасці бывае добраахвотным і абавязковым, якое прадугледжана заканадаўствам.
  • Па дагаворы страхавання адказнасці вы не можаце застрахаваць інтарэсы, якія супярэчаць закону і могуць нанесці шкоду іншым людзям.
  • Страхавая кампанія выплаціць кампенсацыю толькі ў выпадку вашых ненаўмысных дзеянняў за нанесеную шкоду.

Самы вядомы від грамадзянскай адказнасці – гэта адказнасць аўтаўладальнікаў. Але можна застрахаваць і іншыя віды адказнасці. Напрыклад, вы затапілі суседа, сутыкнуліся з кімсьці падчас язды на ровары, ваша сабака сапсавала чыесьці рэчы – страхоўка дапаможа пакрыць страту. Хто і якую грамадзянскую адказнасць можа застрахаваць? Прывядзем некалькі прыкладаў.

Аўтамабілісты

Заканадаўствам прадугледжана абавязковае страхаванне адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, і ні адзін кіроўца не мае права кіраваць аўтамабілем без заключэння такога страхавога дагавора. Гэтая страхоўка пакрые расходы на аплату шкоды пацярпеламу ў ДТЗ баку, калі вы вінаватыя ў аварыі.

Ёсць пэўная максімальная сума, якую страхавая кампанія заплаціць, калі вы трапіце ў аварыю і нашкодзіце камусьці, – ліміт адказнасці. Калі шкода не перавышае 10000 еўра, страхоўка пакрые ўсе выдаткі. Але калі аварыя сур’ёзная і шкода вялікая, гэтых грошай можа не хапіць для пакрыцця страты пацярпеламу. Калі вамі заключаны дадатковы добраахвотны дагавор страхавання, ён дасць фінансавую абарону, калі шкода будзе большая, чым прадугледжана ўсталяванымі лімітамі па абавязковым страхаванні. Напрыклад, у пацярпелага дарагі аўтамабіль, ці вы сталі вінаватым у ДТЗ з некалькімі пацярпелымі. Акрамя таго, добраахвотнае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў аўтатранспартных сродкаў можа прадугледжваць і кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым. Але варта ведаць, што добраахвотнае страхаванне не адмяняе абавязковае.

Веласіпедысты

Любіце пракаціцца з ветрыкам на ровары, электрасамакаце або гіраскутары? Аднак на дарозе могуць адбыцца розныя непрадбачаныя сітуацыі. Калі вы катаецеся на ровары і выпадкова прычыніце шкоду іншым людзям, а яны ў сваю чаргу  прад’явяць законныя патрабаванні аб кампенсацыі, страхоўка пакрые гэтыя расходы.

Некаторыя страхавыя кампаніі страхуюць грамадзянскую адказнасць веласіпедыстаў у складзе комплекснага дагавора страхавання, які ўключае таксама страхаванне іх жыцця і здароўя і страхаванне сродку перамяшчэння ад крадзяжу. Акрамя ровараў на страхаванне прымаюцца сродкі персанальнай мабільнасці (электрычныя ровары і самакаты, гіраскутары, монакалёсы, сігвеі) і самаходныя машыны (квадрацыклы, багі, снегаходы).

Домаўладальнікі

Страхаванне адказнасці ўладальнікаў дамоў і кватэр – гэта магчымасць застрахаваць вашу адказнасць перад суседзямі, якім можа быць нанесена шкода па вашай віне. Страхоўка пакрывае страты, калі з-за здарэння ў вашай кватэры ў суседзяў нешта зламаецца ці пашкодзіцца. Гэта можа быць пажар, працёк вады, паломка водаправоду або сістэмы ацяплення, а таксама розныя наступствы рамонту.

Вы можаце самі выбраць суму, на якую будзе застрахаваная ваша адказнасць перад суседзямі. Кошт страхавога дагавора залежыць ад даты пабудовы дома і паверха, на якім размешчана кватэра. Таксама страхавая кампанія аплаціць судовыя расходы ў межах вызначанай у дагаворы сумы.

Гаспадары катоў і сабак

Мы як гаспадары нясем адказнасць за братоў нашых меншых. Калі ваш гадаванец выпадкова камусьці нашкодзіць, страхаванне адказнасці ўладальнікаў хатніх жывёл абароніць ад неабходнасці аплачваць страты. Гэта тычыцца шкоды для здароўя, жыцця або маёмасці іншых людзей з-за непрадбачаных паводзін вашай жывёлы. Страхоўка пакрые таксама і судовыя расходы, калі з-за інцыдэнту з вашым гадаванцам пацярпелы падаў у суд.

Часам страхавыя кампаніі прапануюць комплексны поліс, калі дагавор страхавання жыцця вашага хатняга гадаванца можа ўключаць і страхаванне вашай адказнасці на выпадак, калі жывёла камусьці нашкодзіць.

Паляўнічыя

Некаторыя беларускія страхавыя кампаніі прапануюць незвычайную паслугу – страхаванне грамадзянскай адказнасці паляўнічых. Страхавым выпадкам па такім дагаворы з’яўляецца наступленне адказнасці паляўнічага з-за прычынення шкоды здароўю і маёмасці каго-небудзь або навакольнага асяроддзя. Таксама страхавая кампанія пакрые расходы, калі шкоду прычыніла сабака або лоўчая птушка аматара палявання.

 

Страхаванне грамадзянскай адказнасці абароніць вашы фінансы і дапаможа справіцца з рознымі жыццёвымі непрыемнасцямі.