Больш за 10 гадоў таму ў свеце з'явіўся новы фармат выпуску банкаўскіх плацежных картак - віртуальныя. На працягу гэтага тэрміну лічбавы "пластык" шчыльна ўвайшоў у жыццё людзей і паспяхова выконвае большасць функцый банкаўскіх плацежных картак. У чым жа вуртуальны "пластык" лепшы за фізічную картку, а ў чым саступае?

Характарыстыкі

Першапачаткова віртуальныя банкаўскія карткі прыдумалі для правядзення аплат у інтэрнэце, па сутнасці, для бяспечнага анлайн-шопінгу. З гэтым звязаны шэраг уласцівасцяў, якія адрозніваюць іх ад фізічных пластыкавых картак.

  • Адсутнасць фізічнага носьбіта;
  • Карацейшы тэрмін дзеяння: як правіла, віртуальныя карткі адкрываюць на тэрмін да года, у той час як звычайныя — ад 2 да 5 гадоў;
  • Можа выпускацца як дадатак да фізічнай ці ў якасці асобнага прадукта да новага рахунку;
  • Першапачаткова ўстаноўлены меншыя ліміты па колькасці аперацый і суме аплаты.

Перавагі

Бясспрэчнай перавагай віртуальнай банкаўскай карткі з'яўляецца хуткасць яе афармлення. За кошт таго, што банк не вытрачае час і рэсурсы на выраб фізічнай карткі і яе эмбасіраванне ("выцісканне" на фізічнай карце вашых імя і прозвішча лацінкай з дапамогай асаблівых механізмаў — эмбасёраў), кліент можа атрымаць даныя сваёй карткі ў інтэрнэт-банкінгу праз некалькі секунд пасля націску кнопкі "Аформіць".

Віртуальная банкаўская карта звычайна танней у выпуску і абслугоўванні, чым фізічная, а часцей за ўсё яна проста бясплатная.

Нават калі чалавек не з'яўляецца кліентам менавіта гэтага банка, ён мае магчымасць з дапамогай Міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі (МСІ) адкрыць рахунак у любым беларускім банку. У Беларусі завесці анлайн-картку можна не толькі ў нацыянальнай валюце, але і ў доларах, еўра і расійскіх рублях.

З дапамогай асобнай карткі для пакупак анлайн можна заняцца планаваннем сваіх выдаткаў. Напрыклад, вылучыць пэўную суму для шопінгу і перавесці яе на віртуальную картку — гэта і будзе вашым лімітам.

З пункту гледжання бяспекі, віртуальная банкаўская карта абаронена гэтак жа, як і традыцыйныя банкаўскія прадукты.

Абмежаванні

Некалькі год таму самым галоўным недахопам віртуальнай карткі было абмежаванне ў выкарыстанні. У інтэрнэт-краме ёю можна расплаціцца, аднак у супермаркеце, каб набыць, напрыклад, літр малака, патрэбныя былі альбо наяўныя, альбо фізічная картка. Аднак тэхналогіі змяняюць наш свет, зараз віртуальную картку можна прывязаць да тэлефона праз Apple Pay, Google Pay і іншыя кашалькі. Такая картка працуе нават са смарт-гадзіннікамі. Больш нішто не замінае вам паўнавартасна выкарыстоўваць віртуальную картку пры аплаце праз тэрмінал у кафэ ці краме.

Смартфон з'яўляецца важным кампанентам паўнавартаснага выкарыстання віртуальнай карткі яшчэ і таму, што на прывязаны нумар тэлефона прыходзяць трохзначны CVV карткі або PIN-код.

Адзіным актуальным абмежаваннем віртуальных картак з'яўляецца адсутнасць магчымасці зняць сродкі ў найбліжэйшым банкамаце. Некаторыя банкі дазваляюць рабіць гэта толькі перад закрыццём рахунку, пры звароце ў касу банка або ўвогуле не даюць такой магчымасці. Аднак у Беларусі гэты нюанс дастаткова лёгка вырашыць пры наяўнасці хаця б адной фізічнай карткі. Уладальнік анлайн-пластыка можа перавесці грошы праз інтэрнэт-банкінг у рамках свайго банка на класічную картку, а таксама праз АРІП без камісіі адправіць грошы на свой рахунак у іншым банку і зняць сродкі ў банкамаце. Канешне, гэты спосаб прадугледжвае лішнія рухі, але гэта ўсяго некалькі лішніх хвілін.

Існуе і яшчэ адзін варыянт: калі чалавек выбірае банк, у якім плануе адкрыць віртуальную картку, каб часта здымаць з яе сродкі, то можна ўдакладніць у кожнай фінансавай установе аб наяўнасці банкаматаў з падтрымкай тэхналогіі NFC. Падобныя банкаматы дазваляюць выводзіць грошы без наяўнасці фізічнай карткі.

Тэхніка бяспекі

Прыкметай добрага тону і высокага ўзроўню фінансавай граматнасці з'яўляецца выкарыстанне для пакупак у інтэрнэце асобнай віртуальнай карткі з прывязкай да асобнага рахунку. Не рэкамендуецца адкрываць дадатковую «віртуалку» да асноўнай карты, куды прыходзіць заработная плата. Лепш карыстацца асобным рахункам, на які вы будзеце пераводзіць грошы для анлайн-шопінгу. Ідэальная сітуацыя — папаўняць баланс карткі на неабходную суму непасрэдна перад пакупкай. Падобная стратэгія з'яўляецца найбольш бяспечнай у свеце шырока распаўсюджанага кібер-махлярства.

Такім чынам, мы пералічылі асноўныя магчымасці і абмежаванні пры рабоце з віртуальнымі банкаўскімі карткамі для бяспечных і камфортных плацяжоў. Запомніце гэтыя нескладаныя правілы ўласнай фінансавай бяспекі і карыстайцеся сваімі банкаўскімі інструментамі граматна!