У Нацыянальным банку падведзены вынікі конкурсу відэаблогераў ”Грошы маюць значэнне“. Па традыцыі конкурс быў прымеркаваны да Тыдня фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі, які праходзіў у Рэспубліцы Беларусь з 17 па 23 сакавіка 2025 года.

Адкрываючы цырымонію ўзнагароджання, Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчэнка адзначыў, што конкурс заваяваў папулярнасць сярод маладых людзей і стаў эфектыўным інструментам прасоўвання вельмі важных у сучасным свеце фінансавых ведаў.

”Сваёй працай, сваімі работамі вы пацвердзілі, што пытанні фінансавай граматнасці, асабістых фінансаў з'яўляюцца не менш займальнай тэмай, чым тыя ролікі, якія ”вірусяцца“ і збіраюць велізарныя аўдыторыі. Ад таго, наколькі эфектыўна мы можам распараджацца перш за ўсё сваімі асабістымі фінансамі, залежыць дабрабыт кожнага грамадзяніна. А дабрабыт грамадзян – гэта дабрабыт дзяржавы“, – сказаў Р. Галоўчэнка.

Усяго сёлета на конкурс паступіла больш за 500 відэаролікаў на тэму ”Навядзі парадак у асабістых фінансах“. У сваіх работах маладыя людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі расказвалі, як эфектыўна кіраваць сваімі асабістымі фінансамі, як весці ўлік, зберагаць, інвеставаць, а таксама як уберагчы сябе і сваіх блізкіх ад фінансавага махлярства.

Работы выкананы ў самых розных фарматах – лаканічныя адукацыйныя ролікі, міні-фільмы з займальнымі сюжэтамі, школьныя спектаклі, кліпы з вершамі і песнямі, анімацыйныя відэаролікі.

Па рашэнні журы конкурсу ў малодшай узроставай групе (ад 7 да 12 гадоў):

першае месца прысуджана рабоце Бобр Ганны (г. Мазыр, Гомельская вобл.);

другое месца заняў ролік Мацкевіча Леанарда (аг. Клейнікі, Брэсцкая вобл.);

трэцяе месца – у работы Юрчука Эрнэста (г. Брэст).

У сярэдняй узроставай групе (ад 13 да 15 гадоў):

першае месца прысуджана рабоце Касцючык Ганны (г. Жабінка, Брэсцкая вобл.);

другое месца заняла работа Навіцкай Ульяны (г. Старыя Дарогі, Мінская вобл.);

трэцяе месца – у роліка Емельяновіч Ганны і Бахно Ксеніі (г. Мікашэвічы, Брэсцкая вобл.).

У старэйшай узроставай групе (ад 16 гадоў да 31 года):

першае месца заняла работа Кароля Максіма (г. Мінск);

другое месца прысуджана рабоце Кянько Міланы і Салагуб Святланы (аг. Залессе, Гродзенская вобл.);

трэцяе месца – у работы Сядой Вікторыі (г. Гомель).

Пераможцы і прызёры атрымаюць грашовыя прызы: за 1-е месца – 1 000 рублёў, за 2-е і 3-е месцы – 700 і 500 рублёў адпаведна.

Акрамя таго, журы конкурсу прыняло рашэнне ўзнагародзіць заахвочвальнымі грашовымі прызамі ў памеры 400 рублёў наступных канкурсантаў:

Бодрую Ксенію (г. п. Акцябрскі, Гродзенская вобл.);

Грышчанка Марыю (г. Мінск);

Колас Алену (г. Жлобін, Гомельская вобл.);

Матусевіча Андрэя і Матусевіч Таццяну (г. Брэст);

Міхайлоўскага Аляксандра (г. Магілёў);

Юрк Анастасію (аг. Верамейкі, Магілёўская вобл.).

Ролікі-пераможцы можна паглядзець тут.

Для даведкі. Конкурс відэаблогераў ”Грошы маюць значэнне“ праходзіць у Беларусі з 2018 года і з'яўляецца адным са значных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці моладзі. Галоўная мэта конкурсу – прыцягненне ўвагі моладзі да тэмы фінансавай граматнасці і папулярызацыя базавых ведаў у галіне фінансаў. За ўвесь час правядзення на конкурс паступіла амаль 3 тысячы работ.