Працягваем размову пра тое, як чытаць фінансавую інфармацыю, і тлумачым, што азначаюць спецыяльныя фразы і тэрміны, якія выкарыстоўвае Нацыянальны банк, калі раскрывае інфармацыю пра свае рашэнні.
"Прамежкавы арыенцір манетарнай палітыкі"
Нацбанк нясе адказнасць за манетарную, або грашова-крэдытную, палітыку ў нашай краіне. Цэнавая стабільнасць з'яўляецца галоўнай мэтай гэтых мерапрыемстваў. Але, каб дасягнуць пастаўленай мэты, ставяцца яшчэ і іншыя мэты або арыенціры, розныя па часе: прамежкавыя (сярэднетэрміновыя) і аперацыйныя (кароткатэрміновыя). Для дасягнення кароткатэрміновых мэт Нацбанк выконвае розныя аперацыі (г.зн. прымяняе інструменты грашова-крэдытнага рэгулявання).
Растлумачым на «жыццёвым» прыкладзе. Напрыклад, сям'я хоча набыць у крэдыт аўтамабіль за 50000 рублёў – гэта іх галоўная мэта. Дапусцім, банк можа выдаць крэдыт толькі на 41000 рублёў. Тады яны вырашаюць назбіраць астатнія 9000 рублёў за 3 гады. Гэта з'яўляецца прамежкавай мэтай. Каб яе дасягнуць, на працягу года сям'і трэба зберагаць па 3000 рублёў, гэта значыць, трэба адкладаць штомесяц 250 рублёў – гэта аперацыйная мэта. А каб яе дасягнуць хутчэй, можна выкарыстоўваць розныя «інструменты» ў залежнасці ад сітуацыі і магчымасцяў сям'і: уладкавацца на больш высокааплатную работу, знайсці падпрацоўку, весці сямейны бюджэт і пазбягаць непатрэбных пакупак, эканомна выкарыстоўваць ваду, электрычнасць і г. д.
"Прырост сярэдняй шырокай грашовай масы"
Адна з галоўных мэт Нацыянальнага банка – падтрыманне цэнавай стабільнасці, а прамежкавым арыенцірам грашова-крэдытнай палітыкі ў нашай краіне выступае прырост сярэдняй шырокай грашовай масы. Гэта значыць наступнае: каб дасягнуць цэнавай стабільнасці, Нацыянальны банк павінен сачыць за колькасцю грошай у абароце.
Калі грашовая маса (колькасць грошай) павялічваецца, а колькасць тавараў у эканоміцы застаецца ранейшай, то на кожны тавар прыпадае ўжо большая колькасць грашовых адзінак. Значыць, цэны на тавары вырастуць, а рост цэн – гэта і ёсць інфляцыя.
Таму Нацбанк сочыць, каб грашовая маса ў краіне не расла занадта хутка, але пры гэтым грошай у абароце хапала, каб забяспечваць патрэбнасці эканомікі. За мэтавы паказчык бяруць шырокую грашовую масу. Шырокую, значыць тую, якая ўключае наяўныя і безнаяўныя грошы ў насельніцтва і ў прадпрыемстваў, у беларускіх рублях і ў замежнай валюце.
Такім чынам, паказчык прыросту шырокай грашовай масы па дасягненні цэнавай стабільнасці – гэта як сям'і з нашага прыкладу назбіраць 9000 рублёў для куплі аўтамабіля. Калі мы дасягнём першага паказчыка, павялічваюцца шанцы для дасягненні апошняга.
"Стаўка рэфінансавання і крэдыты авернайт"
У сямейным бюджэце, напрыклад, ёсць залежнасць паміж эканомным выкарыстаннем электраэнергіі (аперацыйнай мэтай), адкладаннем большых сум у зберажэнні (прамежкавай мэтай) і галоўнай мэтай – пакупкай аўтамабіля праз некалькі гадоў. Гэтак жа інструменты, якія выкарыстоўвае Нацбанк для выканання аперацыйных задач, праз выкананне прамежкавага арыенціру ўплываюць на дасягненне канчатковай мэты манетарнай палітыкі – цэнавай стабільнасці.
Адным з найбольш эфектыўных інструментаў Нацбанка з'яўляецца стаўка рэфінансавання. Яна ўсталёўваецца як галоўны базавы арыенцір для банкаў, фізічных і юрыдычных асоб для ацэнкі таго, што будзе адбывацца са стаўкамі па крэдытах і дэпазітах. Нацбанк усталёўвае таксама стаўкі па крэдытах і дэпазітах авернайт. Яны вызначаюць працэнт, пад які самі банкі могуць размясціць дэпазіт або ўзяць крэдыт у Нацбанка на адзін дзень ("авернайт" літаральна "праз ноч"). Калі Нацбанк памяншае стаўку рэфінансавання і стаўкі па крэдытах і дэпазітах авернайт, гэта значыць, для банкаў крэдыты будуць больш выгадныя. Тады банкі таксама паменшаць працэнты па крэдытах і для сваіх кліентаў, і наадварот.
Таму, калі вы пачулі, што "стаўка рэфінансавання павысілася на 0,5 п.п.", гэта значыць, працэнты па новых крэдытах павінны вырасці, а вось размяшчаць дэпазіты хутчэй за ўсё стане больш выгадна.
"Нарматывы абавязковых рэзерваў"
Яшчэ адным інструментам для рэгулявання колькасці грошай у абароце з'яўляецца фонд абавязковых рэзерваў. Гэта грашовыя сродкі, якія банкі абавязаны захоўваць у Нацбанку. Нарматыў абавязковых рэзерваў – гэта ўстаноўлены працэнт ад усіх сродкаў, якія банкі прыцягнулі ва ўклады ад сваіх кліентаў. Калі Нацбанк павышае гэты нарматыў, у банкаў застаецца менш сродкаў для крэдытавання, і грашовая маса моцна не расце. І наадварот, калі нарматыў памяншаецца, банкі будуць прапаноўваць больш выгадныя ўмовы па крэдытах.
Усталёўваюцца розныя нарматывы абавязковых рэзерваў у залежнасці ад валюты, у якой банкі прымаюць грошы ва ўклады. Яны павінны адлічаць у фонд абавязковых рэзерваў больш, калі адкрылі дэпазіт у замежнай валюце. Гэта робіцца для стымулявання банкаў прыцягваць грашовыя сродкі ад кліентаў менавіта ў нацыянальнай валюце, каб павысіць каштоўнасць і значнасць беларускага рубля.
Таму, калі ў навінах кажуць, што "нарматыў адлічэнняў у фонд абавязковых рэзерваў ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце павышаны на 2 працэнтныя пункты", гэта значыць, банкі прапануюць больш выгадныя ўмовы па ўкладах у беларускіх рублях.
Такім чынам, мы разабраліся ў значэнні яшчэ некалькіх фінансавых тэрмінаў Нацбанка. Значыць, сталі яшчэ больш фінансава граматнымі!