Даведаемся, якія махлярскія схемы выкарыстоўваюць злачынцы ў  сферы анлайн-гульняў і як іх пазбегнуць.

Усё большая папулярнасць камп'ютарных гульняў прыцягвае ў гэтую сферу махляроў, якія прыдумваюць розныя спосабы атрымання грошай незаконным шляхам. Пры гэтым могуць пацярпець як дзеці, якія любяць гуляць у анлайн-гульні, так і дарослыя, гатовыя марнаваць у віртуальнай прасторы свой час і грашовыя сродкі. Акрамя таго, махляры могуць выкарыстоўваць дзяцей, каб дабрацца да асабістых даных або грошай бацькоў.

Што губляе геймер, стаўшы ахвярай махляроў

Часцей за ўсё гульцы губляюць свае "прапампаваныя" акаўнты, у якія ўкладзена шмат грошай. Пры недастатковай лічбавай гігіене, калі, напрыклад, выкарыстоўваюцца адны і тыя ж паролі на некалькіх сайтах, злачынцы могуць паслядоўна ўзламаць яшчэ большую колькасць сэрвісаў і рэсурсаў ахвяры. Гэта прыводзіць да ўцечкі важных персанальных даных.

Акрамя страты даных, праз дзеянні махляроў вашая прылада можа стаць часткай ботнета – сеткі прылад, якія выкарыстоўваюцца хакерамі для арганізацыі нападаў або здабычы крыптавалют. Вы можаце доўгі час заставацца ў недасведчанасці, што ваш камп’ютар або тэлефон заражаны.

Аднак самая непрыемная сітуацыя можа адбыцца, калі да вашага гульнёвага акаўнту была прывязаная банкаўская картка – тады існуе рызыка крадзяжу грашовых сродкаў.

Як часцей за ўсё падманваюць гульцоў у анлайн-гульнях

Большасць папулярных анлайн-гульняў абароненая ад махляоў пасіўнымі ўбудаванымі інструментамі. Аднак, выкарыстоўваючы розныя спосабы падману, у махляроў атрымлiваецца абысці гэтую абарону.  

  • Сацыяльная інжынерыя. Многія махлярскія схемы пачынаюцца з размовы ўнутры гульнёвай прасторы. Злачынцы прыкідваюцца звычайнымі гульцамі, супрацоўнікамі службы падтрымкі або афіцыйнымі прадстаўнікамі гульні. Іх мэта – вывесці вас з гульні ў сацыяльныя сеткі або мэсенджары, дзе яны змогуць скрасці вашыя персанальныя даныя або прымусіць перадаць важныя рэквізіты.
  • Фішынгавыя старонкі. Зламыснікі могуць паспрабаваць накіраваць вас для аўтарызацыі на фальшывы сайт і завалодаць данымі вашага ўліковага запісу.
  • Заражэнне вірусамі. Некаторыя гульні ствараюцца спецыяльна для распаўсюджвання шкоднаснага праграмнага забеспячэння. Такія вірусы непрыкметна збіраюць вашую асабістую інфармацыю, уключаючы паролі і даныя банкаўскіх картак. Акрамя таго, "злавіць" вірус можна, калi клікнуць на ўсплывальнае рэкламнае акно.
  • Раздача "падарункаў". Часам гульцам прапануюць бясплатныя гульнёвыя прадметы або бонусы, але толькі пасля ўводу плацежных рэквізітаў або асабістага акаўнту. Часта такія "акцыі" арганізуюць махляры, мэтай якіх з'яўляецца выкраданне грошай або персанальных даных.
  • Абмен каштоўнымі прадметамі. Махляры могуць зрабіць прапанову па абмене рэдкімі або дарагімі гульнёвымі прадметамі. Калі здзелка адбудзецца, ваш гульнёвы прадмет пераходзіць махляру, а гулец атрымлівае падробак.
  • "Даручальнiк". Махляры падманваюць анлайн-гульцоў, прадстаўляючыся пакупнікамі акаўнтаў або гульнёвых прадметаў. Спачатку яны выказваюць сумненні ў сапраўднасці тавару і патрабуюць кантакты «даручальнiка», знаёмага прадаўца. Потым, ужо выдаючы сябе за даручальнiка, просяць паведаміць сакрэтны код з SMS або перавесці грошы для завяршэння здзелкі. Паколькі паведамленне ад "знаёмага", геймеры часта нічога не падазраюць, трапляюць на гэты трук і губляюць свае грошы.
  • Умоўна-бясплатная гульня. Многія гульні выпускаюцца па такім прынцыпе, што нейкія функцыі гульні даступныя бясплатна, але дадатковыя становяцца даступнымі толькі пасля аплаты. Карыстальнік, прывязваючы картку ў такім дадатку і набываючы поўную версію гульні, часам сутыкаецца з наступным аўтаматычным здыманнем сродкаў. Такім чынам, няўважлівасць можа прывесці да неспадзяванага марнавання грошай, хоць гэта і нельга назваць махлярствам.

Фінансавая піраміда пад выглядам анлайн-гульні

З дапамогай віртуальных гульняў махляры могуць "пабудаваць" фінансавую піраміду. Папулярнасць гульні ў "хамяка", калі для заробку віртуальных грошай трэба было "тапаць" па экране смартфона, паспрыяла гэтаму. Махляры робяць гульні-клоны, якія працуюць па такой жа схеме. Гульцам прапануюць не толькі націскаць на малюнкі, але і ўносіць сапраўдныя грошы, папаўняючы свой гульнёвы рахунак, а таксама запрашаць сяброў, каб атрымліваць дадатковы даход.

Галоўная мэта арганізатараў – прыцягнуць як мага больш гульцоў, сабраць грошы, а потым знікнуць бясследна Гэта відавочная прыкмета фінансавай піраміды! Чалавек гуляе ў гэтую гульню, уносіць грашовыя сродкі, назірае за ростам сумы на сваім рахунку, але як толькі паспрабуе вывесці заробленыя сродкі, аказваецца, што трэба зноў даплаціць камісію або ўнесці "абавязковы ўнёсак". У выніку гулец не зарабляе, а губляе яшчэ больш грошай.

Рэкамендацыі па бяспецы ў гульнёвым асяроддзі

Выкананне наступных рэкамендацый дазволіць мінімізаваць фінансавыя рызыкі на гульнёвай прасторы:

  • Будзьце асцярожныя пры спампоўцы гульнёвых дадаткаў: усталёўвайце толькі з правераных крыніц.
  • Выкарыстоўвайце надзейныя паролі: уключайце ў іх розныя тыпы сімвалаў, лічбаў і літар рознага рэгістра. Ніколі не дзяліцеся сваімі паролямі нават з сябрамі або знаёмымі гульцамі і рэгулярна іх змяняйце.
  • Сцеражыцеся прапаноў хуткага заробку або бясплатнага атрымання гульнёвых прадметаў, часта гэта выкрут махляроў, якія імкнуцца падмануць вас і скрасці грошы.
  • Завядзіце асобную картку выключна для пакупкі на гульнёвай прасторы.
  • Выбірайце імя карыстальніка, не раскрываючы персанальнай інфармацыі: імя, узрост, месцазнаходжанне, фінансавую інфармацыю або пароль ад уліковага запісу.
  • Навучайце дзяцей правілам бяспечных паводзін у iнтэрнэце, тлумачце рызыкі пераходу па падазроных спасылках і важнасці абароны асабістых даных.
  • Калі вас падманулі, неадкладна змяніце паролі на ўсіх звязаных сэрвісах, заблакуйце банкаўскія карткi, якiя прывязаны да акаўнтаў, звярніцеся ў службу падтрымкі гульні і паведамiце пра тое, што адбылося.
14.05.2025