Пераможцы штогадовай рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны па выніках яе фінальнага этапу, які адбыўся 13 снежня 2019 года ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.
 

Першае месца заняў Лазар Аляксандр (Гродзенская гарадская гімназія). Пераможца атрымаў дыплом I ступені і планшэт у якасці каштоўнага падарунка. Дыпломам II ступені і смартфонам узнагароджаны Шарамет Іван (сярэдняя школа № 2 г. Смалявічы, Мінская вобл.), дыпломам III ступені і фотаапаратам – Варац Уладзіслаў (Рагозніцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа, Мастоўскі раён, Гродзенская вобл.).

Алімпіяда праходзіла ў верасні – снежні бягучага года. У чатырох этапах свае фінансавыя веды праверылі больш за 24 тыс. навучэнцаў 10–11-х класаў з больш як 2 100 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны.

Алімпіяда праводзіцца Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь штогод з 2014 года і з'яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці. Асноўная яе мэта – папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, фарміраванне ў навучэнцаў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў, развіццё фінансавай культуры моладзі. Алімпіядныя заданні накіраваны на праверку ведаў па тэмах, без якіх немагчымы разумныя фінансавыя паводзіны ў сучасным грамадстве, – асабістыя фінансы, наяўныя грошы, зберажэнні, запазычанні, лічбавы банкінг, страхаванне, падаткі, інвестыцыі і інш. У тэсты таксама ўключаны задачы на разлікі і вылічэнні, якія тычацца фінансаў.