Падведзены вынікі конкурсу відэаблогераў "Грошы маюць значэнне", прымеркаванага да правядзення ў Рэспубліцы Беларусь з 22 па 28 сакавіка 2021 года Тыдня фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі (Global Money Week).
У гэтым годзе на конкурс паступіла 652 работы. У сваіх відэароліках маладыя людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі разважалі аб лічбавай граматнасці ў фінансавай сферы. Работы выкананы ў самых розных фарматах – лаканічныя адукацыйныя ролікі, міні-фільмы з цэласным сюжэтам, школьныя спектаклі, кліпы з вершамі і песнямі, анімацыйныя відэаролікі.
Па рашэнні журы конкурсу ў малодшай узроставай групе (ад 7 да 12 гадоў) пераможцам стаў Алік Ганчароў (г. Віцебск). Другое месца заняла Уладзіслава Дзенісенкава (г. Мсціслаў, Магілёўская вобласць). Трэцяе прызавое месца дасталася Юстыне Арцюховай (г. Гарадок, Віцебская вобласць).
У сярэдняй узроставай групе (ад 13 да 17 гадоў) перамагла калектыўная работа, аўтарамі якой з'яўляюцца Іван Жураўлёў і Ксенія Жамойда з а. г. Васілішкі Гродзенскай вобласці. Другое месца прысуджана калектыўнай рабоце Дзмітрыя Скарадумава і Івана Пусташылы з г. Гродна. Трэцяе месца дасталася Івану Зелянко з г. Полацка Віцебскай вобласці.
У старэйшай узроставай групе (ад 18 гадоў да 31 года) перамагла калектыўная работа Ксеніі Шчарбінінай, Наталлі Буйневіч і Дыяны Івановай з г. Барысава Мінскай вобласці. Другое месца заняў Ілля Юзвук (г. Брэст). На трэцім месцы – работа Ганны Гаравіц (г. Светлагорск, Гомельская вобласць).
Акрамя таго, журы конкурсу прыняло рашэнне ўзнагародзіць заахвочвальнымі грашовымі прызамі пяць конкурсных работ: Паліны Акінчыц (г. Магілёў), Аляксандра Ліса і Яраслава Ліса (в. Каменка, Гомельская вобласць), Яраслава Умоўскага (г. Гродна), Віктара Пашковіча (г. Глыбокае, Віцебская вобласць), а таксама Уладзіслава Хахлова (г. Магілёў).
Пераможцы і прызёры атрымаюць грашовыя прызы: за 1-е месца – 1000 рублёў, за 2-е і 3-е месцы – 700 і 500 рублёў адпаведна. Памер заахвочвальнага прыза склаў 400 рублёў.
Ролікі-пераможцы можна паглядзець на Адзіным інтэрнэт-партале фінансавай граматнасці насельніцтва http://fingramota.by/ru/about/events/blogers/188.
Даведачна: Конкурс відэаблогераў "Грошы маюць значэнне" праходзіць у Беларусі ўжо чацвёрты год запар і набірае ўсё большую папулярнасць. У 2018 годзе на конкурс паступіла 260 работ, у 2019 годзе – 417, у 2020 годзе – 422, у 2021 годзе – 652 работы.
Галоўная мэта конкурсу – прыцягненне ўвагі моладзі да тэмы фінансавай граматнасці і папулярызацыя базавых ведаў у галіне фінансаў.