Пераможцы штогадовай рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны па выніках яе фінальнага этапу 10 снежня 2021 года.

У фінале алімпіяды першае месца заняў Галавешка Мікіта (гімназія № 1 г. Ваўкавыска, Гродзенская вобл.). Пераможца атрымае дыплом I ступені і грашовы прыз у памеры 1 000 беларускіх рублёў.

 

Дыплом II ступені і грашовы прыз у памеры 900 беларускіх рублёў у Дзенісюка Арцёма (гімназія № 50 г. Мінска), дыплом III ступені і грашовы прыз у памеры 800 беларускіх рублёў заваяваў Каток Уладзіслаў (сярэдняя школа № 1 г. Круглае, Магілёўская вобл.).

 

Удзельнікі заключнага этапу алімпіяды, якія не занялі прызавыя месцы, будуць узнагароджаны грашовымі прэміямі ў памеры 300 беларускіх рублёў і дыпломамі фіналістаў. Таксама грашовымі прэміямі ў памеры 300 беларускіх рублёў будуць адзначаны настаўнікі, якія падрыхтавалі пераможцу і прызёраў.

 

Алімпіяда праходзіла ў верасні – снежні бягучага года. У чатырох этапах свае фінансавыя веды праверылі больш за 24 тыс. навучэнцаў з 2 302 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны.

Заключны этап алімпіяды быў арганізаваны ў дыстанцыйным фармаце з дапамогай сістэмы дыстанцыйнага навучання і тэсціравання MOODLE на пляцоўцы Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

Алімпіяда праводзіцца Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь штогод з 2014 года і з’яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці. Асноўная яе мэта – папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, фарміраванне ў навучэнцаў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў, развіццё фінансавай культуры моладзі.

Алімпіядныя заданні накіраваны на праверку ведаў па тэмах, без якіх немагчымы разумныя фінансавыя паводзіны ў сучасным грамадстве, – асабістыя фінансы, наяўныя грошы, зберажэнні, запазычанні, лічбавы банкінг, страхаванне, падаткі, інвестыцыі і інш. У тэсты таксама ўключаны задачы на разлікі і вылічэнні, якія тычацца фінансаў.