Пераможцы штогадовай рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны па выніках яе фінальнага этапу, які адбыўся 8 снежня 2023 г. у Нацыянальным банку.
У фінале алімпіяды першае месца заняў Ляўчышын Іван (Дабрынская сярэдняя школа Ельскага раёна, Гомельская вобл.). Пераможца ўзнагароджаны дыпломам I ступені і грашовым прызам у памеры 1 500 беларускіх рублёў. Дыплом II ступені і грашовы прыз у памеры 1 250 беларускіх рублёў у Жука Аляксандра (сярэдняя школа № 11 імя генерала арміі А.І. Антонава г. Гродна), дыплом III ступені і грашовы прыз у памеры 1 000 беларускіх рублёў у Клокеля Міхаіла (сярэдняя школа № 87 г. Мінска).
Удзельнікі заключнага этапу алімпіяды, якія не занялі прызавыя месцы, узнагароджаны грашовымі прэміямі ў памеры 300 беларускіх рублёў і дыпломамі фіналістаў. Таксама грашовымі прэміямі ў памеры 300 беларускіх рублёў адзначаны настаўнікі, якія падрыхтавалі пераможцу і прызёраў.
Алімпіяда праходзіла ў верасні – снежні бягучага года. У чатырох этапах свае фінансавыя веды праверылі больш за 25 тыс. навучэнцаў з 2 270 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны.
Алімпіяда праводзіцца Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь штогод з 2014 года і з'яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці. Асноўная яе мэта – папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, фарміраванне ў навучэнцаў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў, развіццё фінансавай культуры моладзі. Алімпіядныя заданні накіраваны на праверку ведаў па тэмах, без якіх немагчымы разумныя фінансавыя паводзіны ў сучасным грамадстве, – планаванне асабістага і сямейнага бюджэту, зберажэнні і запазычанні, лічбавы банкінг, бяспека ў фінансавай сферы і абарона ад махляроў, страхаванне, падаткі і інш. У тэсты таксама ўключаны задачы на разлікі і вылічэнні, якія тычацца фінансаў.