Для ўдзелу ў конкурсе неабходна зняць відэаролік на тэму бяспекі асабістых фінансаў. Рэкамендуемая працягласць відэароліка – 3 хвіліны.
Заяўку на ўдзел у конкурсе, згоду на апрацоўку персанальных даных, а таксама сваю конкурсную работу (спасылку на відэаролік або сам відэаролік) неабходна да 10 сакавіка 2024 года накіраваць на электронны адрас konkurs@nbrb.by. Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя не пазней за 24 сакавіка 2024 года.
Конкурс праводзіцца ў трох узроставых катэгорыях: ад 6 да 12 гадоў, ад 13 да 15 гадоў, ад 16 да 31 года. У ім могуць узяць удзел (як індывідуальна, так і ў складзе калектываў) грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Кожны ўдзельнік можа прадаставіць на конкурс толькі адну работу.
Галоўны прыз у кожнай узроставай катэгорыі – грашовая прэмія ў памеры 1 000 беларускіх рублёў. Таксама грашовымі прэміямі ў кожнай з узроставых катэгорый будуць адзначаны работы, якія занялі другое і трэцяе месцы, – 700 і 500 беларускіх рублёў адпаведна. Акрамя гэтага, журы мае права засноўваць дадатковыя заахвочвальныя прызы.
Падрабязная інфармацыя аб конкурсе (тэрміны і парадак яго правядзення, патрабаванні, якія прад'яўляюцца да ўдзельнікаў і іх конкурсных работ, і інш.) размешчана на Адзіным партале фінансавай граматнасці www.fingramota.by.
Конкурс праводзіцца штогод пачынаючы з 2018 года і традыцыйна прымеркаваны да Тыдня фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі, які сёлета пройдзе ў Рэспубліцы Беларусь з 18 па 24 сакавіка. За гэты час у Нацыянальны банк было даслана каля дзвюх з паловай тысяч конкурсных работ.