З пачатку 2025 года ў нашай краіне змяняецца парадак фарміравання крэдытных гісторый і атрымання крэдытных справаздач.

Крэдытная гісторыя – гэта даныя пра тое, як якая-небудзь арганізацыя або чалавек выконвае ўзятыя на сябе абавязкi па крэдытных здзелках. Гэтыя звесткі захоўваюцца ў Нацыянальным банку і могуць спатрэбіцца крэдытным установам для ацэнкі крэдытаздольнасці патэнцыйнага пазычальніка. Больш падрабязна пра тое, што такое крэдытная гісторыя, можна пазнаёміцца ў артыкуле https://fingramota.by/ru/guide/credits/credit-stories. А цяпер мы разбяромся, што ж змянілася ў парадку фарміравання крэдытных гісторый.

 

Хто яшчэ будзе накіроўваць звесткі для крэдытных гісторый

 

Па новым заканадаўстве крэдытныя гісторыі будуць фарміравацца не толькі банкамі, лізінгавымі і мiкрафiнансавымі арганізацыямі, але і фінансавымі арганізацыямі, якія набылі права патрабаваць вяртанне даўгоў па крэдытах праз працэс сек'юрытызацыі. Акрамя гэтага кампаніі, якія прадаюць тавары ці аказваюць паслугі ў растэрміноўку, змогуць прадастаўляць звесткі аб дагаворах камерцыйнай пазыкі, якія будуць уключацца ў крэдытную гісторыю.

Напрыклад, калі вы набываеце смартфон у аператара сотавай сувязі з аплатай у растэрміноўку, інфармацыя аб гэтай куплі і вашых плацяжах зараз можа быць уключана ў вашу крэдытную гісторыю.

 

Ці, напрыклад, банк выдаў некалькі іпатэчных крэдытаў фізічным асобам. Каб знізіць свае рызыкі і прыцягнуць дадатковыя сродкі, гэты банк выпускае каштоўныя паперы, забяспечаныя гэтымі крэдытамі. Гэты працэс называецца сек'юрытызацыя. Інвестары купляюць гэтыя каштоўныя паперы, фактычна падаючы грошы банку ўзамен на будучыя плацяжы па крэдытах. Цяпер уявіце, што спецыяльны фінансавы інстытут купіў у гэтага банка правы на патрабаванне вяртання гэтых іпатэчных крэдытаў. Гэты інстытут становіцца новым крэдыторам для тых, хто браў іпатэчныя крэдыты.

 

Інфармацыя аб рэфінансаванні доўгу і схаваным факторынгу

 

Цяпер пры выдачы крэдытаў банкі павінны будуць паказваць інфармацыю аб наяўнасці магчымасці рэфінансавання доўгу па крэдытным дагаворы. Напрыклад, калі вы ўзялі крэдыт на куплю аўтамабіля і вырашылі яго рэфінансаваць (г.зн. узяць іншы крэдыт на пагашэнне першага), каб паменшыць працэнтную стаўку, такая інфармацыя будзе ўлічаная ў вашай крэдытнай гісторыі.

 

Калі арганізацыя перадае доўг іншай арганізацыі (фактару) і не інфармуе пры гэтым даўжніка (схаваны факторынг), то цяпер гэтая інфармацыя таксама будзе адлюстроўвацца ў крэдытнай гісторыі даўжніка.

 

Схаваны факторынг – гэта від здзелкі, пры якім прадавец тавараў або паслуг перадае свае правы на атрыманне грошай ад пакупніка трэцяму баку (фактару), напрыклад, банку. Але пакупнік пра гэта не ведае, ён працягвае плаціць наўпрост прадаўцу, хаця грошы ідуць ужо фактару. Такі спосаб дапамагае кампаніям хутчэй атрымліваць грошы за сваю прадукцыю ці паслугі, замест таго каб чакаць, пакуль пакупнікі самі заплацяць.

 

Згода на прадастаўленне крэдытнай справаздачы

 

Крэдытная справаздача – гэта дакумент, які змяшчае ў сабе інфармацыю, якая сфарміравана Нацыянальным банкам на падставе звестак з крэдытнай гісторыі. Цяпер па новым заканадаўстве ўстаноўлены спіс прычын (мэтаў), па якіх розныя арганізацыі (такія як банкі, мікрафінансавыя кампаніі, лізінгавыя фірмы, сотавыя аператары, крамы і г.д.) могуць запытваць крэдытныя справаздачы. Таксама вызначаны тэрміны, на працягу якіх дзейнічае дазвол (згода) на выдачу гэтых справаздач, у залежнасці ад мэты запыту. Напрыклад, банк разглядае магчымасць выдачы вам крэдыту i запытвае вашу крэдытную справаздачу, каб ацаніць вашу фінансавую рэпутацыю. Тэрмін дзеяння вашай згоды банку на прадастаўленне крэдытнай справаздачы складае 3 месяцы, а ў выпадку заключэння на працягу трох месяцаў крэдытнай здзелкі з вамі – на працягу ўсяго тэрміну дзеяння крэдытнай здзелкі да яе спынення ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

 

Калі ж вы далі згоду на прадастаўленне вашай крэдытнай справаздачы арганізацыі, якая вас толькі кансультавала аб магчымасці афармлення крэдыту, то тэрмін дзеяння згоды складзе 15 дзён. Вы маеце права адклікаць гэтую згоду.

 

Супрацьдзеянне махлярству

 

Згодна з новаўвядзеннямi ў заканадаўстве, цяпер фінансавыя арганізацыі змогуць атрымаць інфармацыю аб спробах іншых арганізацый запытаць крэдытную справаздачу, нават у выпадку калі крэдытнай гісторыі ў чалавека няма. Гэта дапаможа змагацца з махлярамі, якія ўгаворваюць людзей хутка аформіць крэдыты адразу ў некалькіх банках. Таму, калі махляр спрабуе пераканаць кагосьці ўзяць крэдыты ў розных месцах за кароткі перыяд, банкі змогуць убачыць, што іншыя крэдытныя арганізацыі нядаўна спрабавалі праверыць крэдытную гісторыю гэтага чалавека, і насцярожыцца.

 

Фізічныя асобы змогуць усталёўваць або здымаць забарону на доступ да сваіх крэдытных гісторый іншым арганізацыям. Арганізацыі, якія хочуць паглядзець крэдытную гісторыю, могуць бясплатна праверыць, ці ўстаноўлена такая забарона, і ім не трэба запытваць згоду ва ўладальніка крэдытнай гісторыі. Напрыклад, вы можаце ўсталяваць забарону, каб ні адна фінансавая арганізацыя не змагла даведацца аб вашай крэдытнай гісторыi, калі вы не плануеце браць новыя крэдыты ці не хочаце, каб вашы даныя выкарыстоўваліся для маркетынгавых прапаноў.

 

Даступнасць крэдытных справаздач

 

Фізічныя асобы змогуць бясплатна атрымліваць больш крэдытных справаздач. Цяпер законам дазволена выдаваць да двух бясплатных справаздач у год, але толькі адну з іх можна будзе атрымаць у папяровым выглядзе.

 

Гэтыя змены дапамогуць збіраць больш дакладную і поўную інфармацыю аб тым, як пазычальнікі выконваюць свае абавязкi па крэдытных здзелках. Дзякуючы гэтаму стане больш проста правільна ацэньваць рызыкі пры выдачы крэдытаў, а таксама ўзмацніцца абарона ад махлярства.

 

26.02.2025