Банкі абавязаны па заканадаўстве браць у разлік паказчык пазыковай нагрузкі (ППН) пры выдачы крэдыту на спажывецкія патрэбы.
Паказчык пазыковай нагрузкі не павінен перавышаць 40%. ППН улічвае плацяжы па новым крэдыце, які вы толькі збіраецеся ўзяць, і крэдытах, якія ўжо выплачваеце. У разлік ППН уваходзяць усе крэдытныя плацяжы: плацяжы па крэдытных дагаворах, мікрапазыках, дагаворах факторынгу, лізінгу, картах растэрміновак, а таксама авердрафт. Сума ўсіх крэдытных плацяжоў дзеліцца на сярэднемесячны даход, памнажаецца на 100%, і атрымліваецца паказчык пазыковай нагрузкі.
Напрыклад, калі ў чалавека зарплата 1000 рублёў, і ён плаціць па крэдыце 200 рублёў штомесяц, то яго паказчык пазыковай нагрузкі будзе 20% (200 / 1000*100%). Ён можа разлічваць на новы крэдыт, таму што ППН менш за 40%. А калі пры такой жа зарплаце ён плаціць па крэдытах 500 рублёў, то яго паказчык пазыковай нагрузкі будзе 50%. Гэта ўжо больш за норму, і новы крэдыт банк хутчэй за ўсё не выдасць.
Асабістая пазыковая нагрузка
Паказчык пазыковай нагрузкі – гэта не толькі "нешта па-банкірску". Вядома, банкі разлічваюць такі паказчык на аснове афіцыйна прадстаўленай інфармацыі крэдытаатрымальніка, напрыклад, даведкі аб даходах, каб вызначыць, ці аптымальны памер вашых даўгоў. Але ж ваша асабістая пазыковая нагрузка можа ўключаць і "неафіцыйныя" даўгі. Напрыклад, калі вы папрасілі грошы ў доўг да зарплаты ў суседзяў ці сваякоў, то "асабістая" пазыковая нагрузка павялічваецца. І ўлічыць яе можаце толькі вы самі.
Часам бывае і так, што па банкаўскіх разліках у вас нізкая пазыковая нагрузка, але на руках не застаецца лішніх сродкаў – усё сыходзіць на абавязковыя плацяжы: плата за кватэру, падаткі, аплату за тэлефон, інтэрнэт і іншыя плацяжы. Таму перш, чым звяртацца ў банк за новым крэдытам, важна самаму ацэньваць сваю нагрузку адэкватна магчымасцям і патрэбам.
Узроўні пазыковай нагрузкі
Калі ў чалавека высокая пазыковая нагрузка, у яго менш шанцаў атрымаць новы крэдыт і складана аплачваць старыя. Неабходнасць аддаваць банку большую частку сваіх даходаў рэзка абмяжоўвае паўсядзённыя траты на жыццё, асабліва калі ў яго няма накапленняў.
У кожнага свой узровень даходаў, тым не менш можна ўмоўна вылучыць такія ўзроўні паказчыка пазыковай нагрузкі: аптымальны, умераны, высокі і крытычны.
- Да 30% – аптымальны. Вы спакойна плаціце па крэдытах, у вас застаюцца грошы на жыццё, і нават можна нешта адкласці.
- Ад 30% да 50% – умераны. Вы плаціце па крэдытах без праблем, але на вялікія пакупкі грошай ужо не застаецца, даводзіцца браць новыя крэдыты.
- Ад 50% да 70% – высокі. Грошай хапае толькі на самае неабходнае, і, калі нешта пойдзе не так, могуць пачацца праблемы з аплатай крэдытаў.
- Ад 70% да 100% – крытычны. Гэта вельмі многа! Ужо ёсць затрымкі па плацяжах, і грошай не хапае нават на штодзённыя расходы. Каб закрыць старыя даўгі, даводзіцца браць новыя крэдыты.
Як знізіць пазыковую нагрузку
Вядома, лепш не дапускаць вялікіх даўгоў, але, калі вы апынуліся ў складанай фінансавай сітуацыі, важна пастарацца выйсці з яе як мага хутчэй. Ёсць некалькі спосабаў, якія дапамогуць паменшыць пазыковую нагрузку:
- Весці асабісты бюджэт – гэта дазволіць убачыць, на чым можна зэканоміць. Рэкамендуецца скласці асобны пазыковы бюджэт, які пакажа, колькі трэба плаціць па кожным крэдыце. Выкарыстоўвайце лішкі ад звычайнага бюджэту для пагашэння даўгоў.
- Пачаць эканоміць. Не абавязкова цалкам адмаўляцца ад пакупак, але важна зразумець, без якіх расходаў можна абысціся, гэта дапаможа справіцца з абавязкамі.
- Шукаць дадатковыя крыніцы даходу. Падумайце аб магчымасці падпрацоўкі, каб павялічыць свой даход і хутчэй пагасіць даўгі. Чым больш грошай вылучаецца на пагашэнне даўгоў, тым хутчэй яны знікнуць.
- Не дапускаць новых даўгоў. Закрыццё крэдытных карт або зніжэнне іх лімітаў можа стаць добрым варыянтам, каб пазбегнуць дадатковых даўгоў. Толькі ў крайнім выпадку бярыце новыя крэдыты, каб пагасіць старыя.
- Перш за ўсё, трэба пагасіць плацяжы па даўгах з найбольш крытычнымі наступствамі, напрыклад, па якіх прадугледжаны штрафы і пені. Далей, пачаць з самых "дарагіх" запазычанасцяў з высокімі працэнтамі, нават калі гэта невялікія па суме крэдыты.
- Звярнуцца ў банк. Калі ў вас узнікаюць складанасці з аплатай крэдытаў, варта звярнуцца ў банк і абмеркаваць магчымасць змены ўмоў вашага крэдыту. Банк можа прапанаваць рэструктурызаваць крэдыт: павялічыць тэрмін, паменшыць працэнт, даць крэдытныя канікулы – часова прыпыніць плацяжы па крэдыце.
Такім чынам, паказчык пазыковай нагрузкі дапаможа ацаніць свае фінансавыя магчымасці і пераканацца, што вы зможаце выплачваць крэдыт.