Фінансавая граматнасць насельніцтва Беларусі паступова павышаецца, пры гэтым веды і навыкі прырастаюць больш хуткімі тэмпамі ў параўнанні з практыкамі паводзін. Аб гэтым сведчаць вынікі даследавання "Ацэнка і аналіз фінансавай граматнасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь", праведзенага сёлета Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі па заказе Нацыянальнага банка.
Для даведкі. Даследаванне "Ацэнка і аналіз фінансавай граматнасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь" у адпаведнасці з Планам сумесных дзеянняў па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва на 2019–2024 гады (далей – План) праводзіцца раз у два гады. Атрыманыя даныя даюць магчымасць ацаніць бягучы стан фінансавай граматнасці насельніцтва з улікам мэтавых груп, полу, узросту, рэгіёна пражывання і адукацыі, эфектыўнасць работы па павышэнні фінансавай граматнасці, вызначыць перспектыўныя напрамкі далейшай дзейнасці.
За шасцігадовы перыяд рэалізацыі Плана дасягнуты пэўныя станоўчыя вынікі: істотна павысіўся ўзровень граматнасці насельніцтва ў сферы персанальных фінансаў, падатковай граматнасці і абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг, павышаюцца веды і навыкі ў сферы лічбавых фінансавых тэхналогій і бяспекі. Пры гэтым найбольш высокія тэмпы прыросту ўсіх кампанентаў фінансавай граматнасці адзначаны ў моладзі.
Назіраецца рост долі рэспандэнтаў, якія рэалізуюць ашчадную стратэгію (71,9% ў 2024 годзе супраць 56,2% ў 2020 годзе). Аднак найбольш распаўсюджанай застаецца стратэгія "рэшткавага зберажэння", якой прытрымліваецца больш за 40% апытаных. Гарызонты фінансавага планавання невялікія і складаюць ад 1 да 3 месяцаў. Эфектыўнай стратэгіі выдаткаў прытрымліваецца толькі 26,7% насельніцтва.
На працягу даследчага перыяду прасочваецца тэндэнцыя павелічэння разрыву паміж фінансавымі ведамі і рэальнымі паводзінамі. Так, з меркаваннем аб тым, што чалавеку з любым узроўнем даходу неабходна ажыццяўляць кантроль над фінансамі, згодныя 81,8% насельніцтва, пры гэтым вядуць дэталёвы ўлік даходаў і расходаў усяго толькі 12,7%. Важнасць самастойнага аналізу інфармацыі пры выбары фінансавай паслугі разумеюць 77,9% рэспандэнтаў, аналізуюць на практыцы толькі 33,3%.
Адзначаны дастаткова высокі ўзровень дасведчанасці аб спосабах фінансавага махлярства. Паводле атрыманых даных, за апошнія два гады палова апытаных сутыкалася з фінансавым махлярствам, каля 45% – чулі, але не сутыкаліся асабіста. Пры гэтым 2,5% рэспандэнтаў пацярпелі, страціўшы грашовыя сродкі або персанальныя даныя.
Знізілася доля рэспандэнтаў, згодных са сцвярджэннем, што лічбавыя тэхналогіі ў сферы фінансаў робяць выкарыстанне фінансавых прадуктаў і паслуг больш простым і зручным (з 26,7% ў 2020 годзе да 21,6% ў 2024 годзе). Гэта сведчыць аб цяжкасці ўспрымання асобнымі катэгорыямі насельніцтва тэхналогій, якія імкліва развіваюцца у фінансавай сферы, і падкрэслівае важнасць прадаўжэння работы па павышэнні даверу да лічбавых фінансавых паслуг.
Станоўчым фактам з'яўляецца высокая зацікаўленасць насельніцтва ў павышэнні ўзроўню фінансавых ведаў – каля 70% настроены на атрыманне фінансавых ведаў, што на 8,6 п. п. больш, чым у 2020 годзе.
Значэнне інтэгральнага індэкса фінансавай граматнасці насельніцтва, які адлюстроўвае фінансавыя веды, практычныя навыкі, устаноўкі і схемы паводзін насельніцтва, павялічылася ў параўнанні з 2020 годам на 3,3 п. п. і склала 43,2%.
З поўным тэкстам даследавання можна азнаёміцца тут.