Пераможцы штогадовай рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны па выніках яе фінальнага этапу, які адбыўся 13 снежня 2024 г. у Нацыянальным банку.

У фінале алімпіяды першае месца заняла Кажамякіна Юлія (Гомельская Ірынінская гімназія). Пераможца ўзнагароджана дыпломам I ступені і грашовым прызам у памеры 1 500 беларускіх рублёў. Дыплом II ступені і грашовы прыз у памеры 1 250 беларускіх рублёў у Бялко Максіма (сярэдняя школа № 31 імя Л.Г. Кляцкова г. Гродна), дыплом III ступені і грашовы прыз у памеры 1 000 беларускіх рублёў у Чупрыса Мацвея (гімназія № 37 г. Мінска).

Удзельнікі заключнага этапу алімпіяды, якія не занялі прызавыя месцы, узнагароджаны грашовымі прэміямі ў памеры 300 беларускіх рублёў і дыпломамі фіналістаў. Таксама грашовымі прэміямі ў памеры 300 беларускіх рублёў адзначаны настаўнікі, якія падрыхтавалі пераможцу і прызёраў.

У фінале алімпіяды ўзялі ўдзел па тры навучэнцы ад кожнай вобласці і г. Мінска, якія сталі пераможцамі трэцяга этапу. Усяго ў чатырох этапах алімпіяды ў верасні – снежні бягучага года свае фінансавыя веды праверылі больш за 27 тыс. навучэнцаў з 2 314 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны.

Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай граматнасці праводзіцца Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь штогод з 2014 года і з'яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці. Асноўная яе мэта –папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, фарміраванне ў навучэнцаў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў, развіццё фінансавай культуры моладзі.

Алімпіядныя заданні накіраваны на праверку ведаў па тэмах, без якіх немагчымы разумныя фінансавыя паводзіны ў сучасным грамадстве, – планаванне асабістага і сямейнага бюджэту, зберажэнні і запазычанні, лічбавы банкінг, бяспека ў фінансавай сферы і абарона ад махляроў, страхаванне, падаткі і інш. У тэсты таксама ўключаны задачы на разлікі і вылічэнні, якія тычацца фінансаў.